Косава днямі падасць заяўку на ўступленне ў Еўрасаюз
Косава / planetofhotels
Часткова прызнаная рэспубліка Косава плануе 15 снежня падаць заяўку на ўступленне ў Еўрасаюз, цытуе Meduza мясцовы тэлеканал Radio Television of Kosovo.
Заяўку, паводле звестак медыя, склалі ў лістападзе гэтага года. У ёй гаворыцца, што сяброўства Косава ў ЕС падтрымлівае больш за 90% насельніцтва рэспублікі.
"Гэты крок ілюструе моцную волю нашых грамадзян і служыць выразнай праявай цвёрдай прыхільнасці косаўскіх інстытутаў еўраатлантычнаму шляху", — гаворыцца ў дакуменце.
Пяць краін Еўрасаюза — Іспанія, Кіпр, Грэцыя, Славакія і Румынія — не прызналі незалежнасць Косава. Аднак першы віцэ-прэм'ер рэспублікі Беснік Беслімі ў інтэрв'ю Politico заяўляў, што ўсе спрэчкі ўдасца ўрэгуляваць да 2030 года. Менавіта такія тэрміны па ўступленні ў ЕС вызначыла для сябе Косава.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.