Краіны Еўропы дамовіліся пра "столь" цаны на газ
Максімальную цану на газ вырашылі замарозіць на ўзроўні 180 еўра за МВт/гадзіну / pixabay
Краіны Еўрасаюза дамовіліся аб максімальнай цане на газ, піша Bloomberg. У дасягнутым пагадненні сказана, што цану на прыродны газ абмяжуюць 180 еўра за МВт/гадзіну.
Паводле слоў інфармаваных крыніц Bloomberg, гэта часовая мера, прызначаная для прадухілення рэзкіх ваганняў цэн. Яна будзе дзейнічаць на працягу года пачынаючы з 15 лютага 2023 года. Чыноўнікі спрабавалі дамагчыся заключэння здзелкі да таго, як зімовыя маразы павялічаць патрэбу ў газе. Хоць еўрапейскія цэны на газ у апошнія месяцы знізіліся прыкладна да 100 еўра за МВт/гадзіну, яны застаюцца значна вышэйшымі за сярэднія для гэтага часу года.
Спрэчкі пра тое, што рабіць з цэнамі на газ, вядуцца з пачатку энергетычнага крызісу. Германія, Нідэрланды і Данія перасцерагалі ад празмернага ўмяшання ў механізмы рынку. Тым часам Бельгія, Італія, Грэцыя і Польшча настойвалі на тым, што патрэбны сур'ёзны механізм стрымлівання росту цэн. Германія і некаторыя іншыя краіны перасцерагалі ад таго, што абмежаванне цэн на газ у Еўропе можа зрабіць рэгіён менш прывабным для экспарцёраў газу ва ўсім свеце.
Паводле слоў крыніц агенцтва, Аўстрыя і Нідэрланды ўстрымаліся пры галасаванні па здзелцы, а Венгрыя прагаласавала супраць.
Новае абмежаванне ўступіць у сілу толькі ў тым выпадку, калі розніца з сусветнымі коштамі на звадкаваны прыродны газ перавысіць 35 еўра за МВт/гадзіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.