Краіны G7 будуць працягваць ізаляцыю Беларусі і Расіі ад сусветнай эканомікі
Краіны G7 будуць працягваць ізаляцыю Беларусі і Расіі ад сусветнай эканомікі. Гэта будзе іх адказ на расійскую агрэсію супраць Украіны. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні міністраў фінансаў. Адзначаецца, што цана вайны для агрэсара будзе павышацца: "Мы падкрэсліваем сумесную прыхільнасць да нашага непахіснага і каардынаванага санкцыйнага адказу". Падкрэсліваецца, што краіны G7 будуць працягваць уважліва сачыць, "каб не дапусціць ухілення, абыходу ці замяшчэння" дзейных санкцый.
Таксама міністры фінансаў заявілі, што Масква і Мінск "нясуць на сабе поўную адказнасць за сацыяльныя і эканамічныя наступствы" вайны.
У G7 уваходзяць Вялікабрытанія, Германія, Італія, Францыя, ЗША, Канада і Японія. У самітах аб'яднання звычайна ўдзельнічаюць і прадстаўнікі Еўрасаюза. У пачатку траўня лідары G7 заявілі, што прыкладуць усе намаганні, каб прыцягнуць да адказнасці не толькі Уладзіміра Пуціна, але і Аляксандра Лукашэнку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.