Крамы за месяц да дэнамінацыі: "Нам ніхто нічога не тлумачыў, чэргі будуць"
З 1 ліпеня, у Беларусі з'явяцца новыя грошы. Пры гэтым, манеты і папяровыя купюры без чатырох нулёў будуць хадзіць яшчэ паўгода разам са старымі. Ці разабраліся гандляры, як будуць працаваць з нулямі і без?
"Нам ніхто нічога не тлумачыў. Чэргі будуць кіламетровыя, але мы дапазна працуем, нічога", — адказвае прадаўшчыца сталічнай крамы "Цэнтральны". А вось калі адбудзецца тая дэнамінацыя і як будуць выглядаць новыя купюры, яна ведае дакладна.
У ГУМе супакойваюць, раяць не хвалявацца: усё будзе добра. Але два дні прыйдзецца ператрываць.
"Усё будзе, як і раней. Зразумела, два дні будзе цяжка. Але пасля ўсе прывыкнуць", — адказвае прадаўшчыца. І прыгадвае іншыя дэнамінацыі, калі ўводзілі "зуброў" ды "зайчыкаў". На яе думку, тады было складаней.
У Беларусі правядуць дэнамінацыю, будуць новыя рублі і з'явяцца капейкі (фота)
Самы нізкі намінал банкноты — 100 рублёў — заменяць на 1 капейку.
Яшчэ ў двух маленькіх крамах у цэнтры сталіцы не могуць адказаць, як дакладна трэба працаваць пасля 1 ліпеня, гэтак жа, як і ў кавярнях.
"Напэўна, кіраўніцтва будзе недзе навучацца, а пасля нам распавядуць", — адказвае бармен у кавярні "Грунвальд".
Як працаваць з новымі купюрамі, ведаюць у "Беларусбанку", што на вуліцы Маркса ў Мінску. Кансультант адказвае, што даваць рэшту яшчэ паўгода можна будзе і старымі, і новымі купюрамі, і манетамі. Нават змешаная здача не забароненая.
"З ліпеня будуць новыя грошы. Але пакуль нічога не абвяшчалі, як гэта канкрэтна будзе", — адказвае пенсіянерка Марына Іванаўна, якую сустракаю у скверыку ля вакзала. Чэргаў каля крамаў яна не баіцца, бо перажыла ўжо не адну дэнамінацыю.
"У Беларусі гэтых чэргаў не будзе, у нас жа шмат разоў грошы мянялі, мы прызвычаіліся", — дадае жанчына. Яе сяброўка незадаволеная манетамі: "Не люблю іх".
Мінгандалю тым часам праводзіць семінары па дэнамінацыі.
"Мы рэкамендуем даваць рэшту новымі купюрамі. Але калі няма ў наяўнасці, можна і тымі, і тымі. І грамадзяне могуць і тымі, і тымі нават адразу, за адну пакупку", — даюць парады Еўрарадыё ў міністэрстве.
Апарат, каб распазнаваць падробкі, на кожнай касе не абяцаюць. Але кажуць, што распазнаваць водныя знакі касіраў вучыў Нацбанк. Толькі не ўсе касіры пакуль пра гэта ведаюць.