Крычаўскага міліцыянта арыштавалі за збіццё мясцовага жыхара
Шэраг супрацоўнікаў крычаўскай раённай міліцыі падазраюцца ў перавышэнні ўлады.
Як паведамляе БелаПАН, следчыя органы расследуюць крымінальную справу супраць некаторых крычаўскіх міліцыянтаў. Перавышаючы свае службовыя паўнамоцтвы, яны нанеслі жыхару Крычава цяжкія цялесныя пашкоджанні.
Аднаму з міліцыянтаў ужо выставілі абвінавачванне. Ён узяты пад варту. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, гэта оперупаўнаважаны Сініцын. Пад следствам знаходзяцца яшчэ два оперупаўнаважаныя.
Сам інцыдэнт адбыўся ў снежні 2012 года. Мужчыну неабгрунтавана падазравалі ў крадзяжы. У пастарунку яго моцна збілі. Па словах маці пацярпелага, сын знаходзіўся ў цяжкім стане і быў шпіталізаваны. Цяпер ён з'ехаў на працу ў Расію.
Першапачаткова справай займаўся КДБ, а потым яно было перададзена ў Следчы камітэт.
Фота — aif.ru