Крычаўскім міліцыянтам пагражаюць крымінальнай справай за паклёп

Крычаўскім міліцыянтам пагражаюць крымінальнай справай за паклёп

Упраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама выступіла з заявай наконт нашумелай у апошнія дні "справы крычаўскіх міліцыянтаў". 

Як паведамляла Еўрарадыё, некалькі міліцыянтаў з гэтага горада яшчэ ў лютым напісалі ліст міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу. Яны абураліся, што іх прымушаюць выконваць “план па правапарушэннях” і вяртаць прэміі. Інфармацыя трапіла ў СМІ днямі і атрымала вялікі розгалас.

"У цяперашні час у сетцы Інтэрнэт дэструктыўнымі рэсурсамі распаўсюджваецца інфармацыя аб нібыта наяўных недахопах у арганізацыі працы з асабістым складам з боку кіраўніцтва Крычаўскага РАУС. Ініцыятарамі яе распаўсюду сталі начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС падпалкоўнік міліцыі Ігар Вусік, участковы інспектар міліцыі РАУС лейтэнант міліцыі Андрэй Шашкоў і былы супрацоўнік Юрый Дзюбанаў, звольнены з органаў унутраных спраў за грубае парушэнне службовай дысцыпліны", — гаворыцца ў афіцыйным каментары магілёўскай абласной міліцыі. Па словах міліцыянтаў, гэта заведама скажоная інфармацыя, якая пераважна не адпавядае рэчаіснасці.

Намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі палкоўнік міліцыі Уладзімір Рыжанкоў заявіў, што ў красавіку падпалкоўнік Вусік незаконна адпусціў са службы свайго падначаленага —маёра міліцыі Дзюбанава. Дзюбанаў мусіў праводзіць прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб. Сам Вусік Дзюбанава на прыёме не замяніў, за што атрымаў строгую вымову.

Калі кіраўніцтва РАУС стала шукаць Дзюбанава, то ён, нібыта, звярнуўся да лекара, хаця быў ужо п'яны (1,6 праміле), "што пацвярджаецца аглядам, праведзеным у лякарні". У выніку Дзюбанава звольнілі з міліцыі за грубае парушэнне службовай дысцыпліны.

Паведамляецца, што ўвосень 2016-га і ў студзені 2017 года ў Крычаўскім РАУСе праходзілі праверкі. Яны выявілі недахопы, якія насілі сістэмны характар і не выпраўляліся. "У імкненні пазбегнуць адказнасці і надаць значнасць сваёй персоны ён (Вусік. — Еўрарадыё) стаў ініцыятарам некалькіх калектыўных скаргаў на імя міністра ўнутраных спраў", — гаворыцца ў паведамленні УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Начальніку Крычаўскага РАУС падпалкоўніку міліцыі Станіславу Чупрыну па выніках праверкі абвясцілі дысцыплінарнае спагнанне за парушэнне Правілаў прафесійнай этыкі супрацоўнікаў АУС.

Але іншых парушэнняў у дзеяннях кіраўніцтва крычаўскай міліцыі праверка не знайшла. Нават пры тым, што ў праверцы выкарыстоўваўся паліграф. 

Цяпер інфармацыя, якую распаўсюдзілі праз інтэрнэт крычаўскія міліцыянты, вывучаецца паўторна. "У выпадку выяўлення ў ёй прыкмет паклёпу, супрацоўнікі, якія распаўсюдзілі яе, могуць быць прыцягнутыя не толькі да дысцыплінарнай, але і крымінальнай адказнасці", — папярэджвае кіраўніцтва магілёўскай міліцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі