Крычаўскія чыноўнікі даказалі, што ў бальніцы разгалошваюць персанальныя даныя
У крычаўскай бальніцы
Крычаўскі райвыканкам (Магілёўская вобласць) праверыў працу мясцовай цэнтральнай раённай бальніцы. Адной з галоўных праблем прызналі працу рэгістратуры. Да яе складана датэлефанавацца. А яшчэ існуе такая практыка, калі супрацоўніца здымае слухаўку і вы можаце пачуць усю інфармацыю аб нейкім пацыенце. Проста на пасяджэнні райвыканкама правялі "эксперымент". Кіраўніца справамі выканкама Алена Стасянкова патэлефанавала ў рэгістратуру. Хвілін 10 прысутныя чыноўнікі слухалі класічную музыку. Нарэшце слухаўку знялі.
"Чакайце", — сказала супрацоўніца. І ў наступныя хвіліны чыноўнікі даведаліся, што пацыентка С. запісалася на прыём, былі названыя лекар і дата. "Гэта агучванне персанальных звестак, што недапушчальна! Тым самым рэгістратар раскрывае медыцынскую таямніцу пацыента", — цытуе словы Стасянковай раённая газета. А старшыня райвыканкама абураўся: "У Крычаве медыкі не чуюць патрабаванняў кіраўніка дзяржавы ці не хочуць чуць? Мы не ставім перад лекарамі звышзадачы, але наладзіць працу рэгістратуры, забяспечыць ветлівае і ўважлівае стаўленне да людзей — гэта норма, аснова медабслугоўвання".
Крычаўскія чыноўнікі збіраюцца працягнуць свой "эксперымент", пакуль не выправяць сітуацыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.