Крымінальную справу мастака Алеся Пушкіна накіравалі ў суд
12 студзеня Генпракуратура Беларусі паведаміла, што накіравала ў суд крымінальную справу мастака Алеся Пушкіна. Яго абвінавачваюць у "рэабілітацыі нацызму" і "здзеку над дзяржаўнымі сімваламі".
Пушкін знаходзіцца за кратамі з сакавіка 2021-га. Яму пагражае да 12 гадоў зняволення.
Мастака абвінавачваюць не толькі ў выстаўленні на выставе ў Гродне партрэта ўдзельніка пасляваеннага беларускага антысавецкага руху Яўгена Жыхара ("здзейсніў дзеянні, накіраваныя на прапаганду нацызму і дзейнасці беларускіх калабарацыянісцкіх арганізацый"), крамолу ўбачылі і ў іншых яго творах, акцыях. Па версіі Генпракуратуры Алесь Пушкін "імкнуўся аддаць забыццю ўрокі разбуральнай вайны, цынічна сказіць яе маральныя і прававыя вынікі, паставіць на адзін узровень сапраўдных герояў і здраднікаў, праславіць і апраўдаць іх".
Падставай для іншага абвінавачвання стаў перфоманс у Кіеве ў сакавіку 2021-га, у якім убачылі "здзек над дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь".
Пушкін вярнуўся ў Беларусь з Украіны, ведаючы пра пагрозу крымінальнай справы. Ён прызнаны палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.