Куды высяляюць без прадастаўлення жылля?

Еўрарадыё вырашыла даведацца, дзе жывуць людзі, у якіх адымаюць жыллё з-за вялікай пазыкі па квартплаце. Аказалася, што зімой іх шкадуюць і не высяляюць, бо холадна – чакаюць лета. А пасля яны жывуць ў “начлежках”. Мы датэлефанваліся да ЖРЭА і ЖЭСаў. Высветлілася, што выселеных няшмат – літаральна адзінкі. Значна часцей даўжнікоў перасяляюць па рашэнні суда ў кватэру з меншай плошчай. Аднак супрацоўніца разлікова-даведачнага цэнтру Першамайскага раёна Мінска Людміла Малыхіна кажа, што нават такім чынам пакараць яны могуць далёка не ўсіх парушальнікаў. Напрыклад, прыватызаваную кватэру ніхто не адбярэ.

Малыхіна: Цяжка высяляць з аднапакаёвай, бо няма куды. Ці, напрыклад, калі ёсць непаўнагадовыя дзеці.

Тых, хто шмат вінны дзяржаве, спярша папярэджваюць. Некаму выпісваюць штрафы, некаторым адключаюць камунальныя паслугі. Гэта робяць звычайна з злоснымі неплацельшчыкамі, хто вінны дзяржаве вялікія грошы – некалькі мільёнаў ці не разлічваўся з ЖЭСамі паўгода ці год.

Аднак нагодай для перасялення ці высялення можа стаць не толькі пазыка. Людзі, што жывуць у антысанітарных ўмовах, трымаюць прытоны і перашкаджаюць жыць іншым, таксама патэнцыяльныя бамжы. Некаторыя высяленцы чакаюць свайго часу.

Малыхіна: Зараз халодная пара году, таму мы іх не чапаем. Будзем высяляць у сакавіку. Куды? Ды нікуды. Пасля гэты чалавек можа звярнуцца ў сацыяльны прытулак.

Еўрарадыё звярнулася ў Дом начнога знаходжання, каб высвятліць, наколькі часта людзі без месца жыхарства прыходзяць пераначаваць.

Супрацоўніца Дома начанога знаходжання: Прыходзяць людзі? і іх вельмі шмат такіх, у тым ліку выселеных па рашэнні суда.

У прыют на часовае знаходжанне накіравалі і пенсіянерку і яе сына-інваліда з Бабруйску. Іх выселілі з кватэры за тое, што яны зрабілі з жытла сапраўдную звалку: не прыбіраліся за сабой, жывёламі, якіх трымалі, наносілі смецце. Начальнік бабруйскага ЖРЭА №8 Карл Бусловіч кажа, што высяляць сям’ю прыходзілі з працівагазамі.

Бусловіч: Я думаю, ім пашчасціла. Яны зараз жывуць у значна лепшых умовах – іх кормяць, мыюць, даглядаюць.

А на пытанне, ці не шкада было выкідаць людзей з кватэры, у якой яны жылі дзесяцігоддзямі, адказаў.

Бусловіч: Мне больш чым каму шкада. Мы не афішуем гэтага, але сочым за тым, як яны жывуць зараз.

Як высветліла Еўрарадыё, пасля кватэра высяленцаў прыводзіцца ў належны стан, што часам зрабіць няпроста, бо, напрыклад, на рамонт жытла у Бабруйску трэба 12 мільёнаў, а затым даецца новым жыхарам. Прадаць яе ЖРЭА і ЖЭСы права не маюць, бо кватэра належыць дзяржаве. І былы яе жыхар так і застаецца вінным і мусіць выплаціць сваю пазыку ў любым разе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі