Курэйчык: Лічыцца, што ідэалогія ўсё апраўдвае: не важна, што кіно кепскае
Андрэй Курэйчык, "PARTY-zan фільм" якога ад самага пачатку не прыйшоўся да спадобы Мінкульту, напісаў у Адміністрацыю прэзідэнта. У лісце рэжысёр распавядае, як міністэрства ставіць палкі ў колы вольным творцам, і тлумачыць, якім чынам памылковыя хады ўстановы робяць кепска дзяржаве.
Еўрарадыё: Нядаўна вы напісалі ліст у Адміністрацыю прэзідэнта. Што стала падставай для такога кроку?
Андрэй Курэйчык: Прычына простая. Мы цэлы год рабілі кіно, выпусцілі яго ў пракат перад Новым годам, і апынулася, што адзіныя незадаволеныя гэтай падзеяй — наша роднае Міністэрства культуры ў асобе дырэктара дэпартамента па кінематаграфіі Ірыны Беляковай, якая, фактычна, сарвала другі тыдзень пракату ў Мінску. Мы згубілі з-за гэтага дастаткова вялікую суму грошай. Таму я паставіў пытанне: які ў гэтым сэнс, калі беларускае кіно — рэдкасць у кінатэатрах, калі немагчыма пакінуць грошы гледачоў у краіне і накіраваць іх на далейшае развіццё кінавытворчасці. А замест гэтага беларускае кіно падвяргаецца ганенням?!
Еўрарадыё: У інтэрв'ю БелТА намесніца міністра Ірына Дрыга ўзгадвае нейкія прычыны сэксуальнага характару. Што канкрэтна зачапіла чыноўнікаў?
Андрэй Курэйчык: Не хачу на гэтую тэму спекуляваць. Але ведаю дакладна, што фільм паспяхова ішоў у пракаце, яго прымалі гледачы. Ірына Уладзіміраўна сказала, што нехта ёй скардзіўся, што ў фільме з'явілася лішняя хвіліна. На мой погляд, яна хітруе. Гэта была ініцыятыва Мінкульта, наехаць на кінатэатры з мэтай спыніць пракат фактычна на тыдзень і вярнуць на экраны старую, на жаль, не вельмі тэхнічна дасканалую версію фільма. Мы вымушаны пайсці на гэта, бо ў адваротным выпадку проста пазбавіліся б пракату.
Еўрарадыё: Уявім найгоршае развіццё падзеяў: фільм перадалі ў рэспубліканскую экспертную камісію па супрацьдзеянні прапагандзе парнаграфіі, гвалту і жорсткасці. Якія могуць быць наступствы?
Андрэй Курэйчык: Сядзе вялікая колькасць народу, у тым ліку дырэктары кінатэатраў, механікі, якія націскалі кнопкі. Не ведаю. Гэта абсалютная лухта. У нас стаяла высокае ўзроставае абмежаванне. Я думаю, што ў фільме значна менш мякка кажучы эротыкі, чым у "50 адценняў шэрага", які ішоў на ўсіх экранах Беларусі. Няма пра што гаварыць. Гэта проста спроба зацягнуць вырашэнне пытання. Нармальная бюракратычная практыка.
Еўрарадыё: Ці ёсць свежыя лічбы? Колькі сабраў "PARTY-zan фільм"?
Андрэй Курэйчык: На жаль, мы згубілі, па нашых ацэнках, 40 адсоткаў збораў з-за гэтага інцыдэнту. Тым не менш, мы ўжо перагналі лічбы "Гаража". Няма ў мяне пакуль лічбаў з рэгіёнаў, і па Мінску фінальныя лічбы не падбітыя, але падазраю, што гэта раён двухсот з нечым старых мільёнаў... Ірына Уладзіміраўна прывяла да прыкладу лічбы, як працуе бізнес-індустрыя ў дзяржаўным кіно: патраціць 2,5 мільёна долараў і сабраць 40 тысяч — для іх гэта добра. Хаця калі гэтыя 40 тысяч долараў падзяліць на 43 тысячы гледачоў, якіх яна прывяла, то атрымліваецца, што квіток каштуе менш за долар. Дзе вы бачылі такія кошты?
Еўрарадыё: На нармальным рынку можна ўявіць адну сітуацыю, у якой можа быць дзяржаўная замова на кіно: гэта калі яно нясе ў прывабнай гульнявой форме вечныя каштоўнасці...
Андрэй Курэйчык: Увогуле адзінае, на што ў нас збіраюць падаткі, гэта на культуру. Калі яны зробяць фільм пра Купалу, Коласа, Багдановіча, Слуцкае паўстанне, я гатовы за гэта плаціць падаткі, каб мае дзеці даведаліся пра нашу гісторыю, пра вялікіх людзей, атрымалі высокакультурны ўзровень. Альбо калі гэта будзе кіно, зробленае сапраўды таленавітым чалавекам, які прадстаўляе краіну на фестывалях у міжнародным кантэксце. Таксама гатовы на гэта скідвацца. Скідвацца на тое, каб вось так укладалі мае 2,5 мільёна долараў, а збіралі 40 тысяч — ну навошта мне гэта рабіць? Лепш лякарню пабудаваць! Не было б Ірыны Уладзіміраўны Дрыга, не было б апошніх фільмаў "Мы, браты" і "З восьмым сакавіка, мужчыны", у краіны засталося б чатыры мільёны долараў, якія можна было б патраціць больш рацыянальна! Навошта рабіць фільмы за мільёны? Гэта эканамічна ніяк не апраўдана. Трэба проста адэкватна ацэньваць сітуацыю. А ў нас чамусьці лічыцца што ідэалогія ўсё апраўдвае: не важна, колькі грошай згубілі, не важна, што кіно кепскае, не важна, што проста дзяржава апынулася кінутай, не важна. Я ведаю дакладна, што на фільме "Мы, браты" зарабілі ўсе, апроч беларускай дзяржавы.
Чыноўнікі мусяць разумець, што на маленькіх рынках працуе толькі малабюджэтнае кіно, таму што гэта тая ніша, якая дазваляе быць арыгінальным, блізкім і пры гэтым знаходзіць нечаканыя яскравыя хады. Мне падаецца, гэта шлях Беларусі.
Еўрарадыё: Можа Беларусь калі-небудзь стаць рынкам для вытворчасці кіно з буйным бюджэтам?
Андрэй Курэйчык: Лёгка. Вось прыедзе чарговы раз да нас Дэпардзьё, Ван Дам, пакосяць травы, і некалькі мільёнаў ім і выдзеляць на здымкі. Толькі такім чынам. Таму што рабіць кіно за шмат мільёнаў дзеля беларусаў у нас неяк не прынята. У нас усё перад замежнікамі сцелюцца.