Квадракоптар, які прадаецца ў Мінску, забралі на мяжы

Квадракоптары, якія прадаюць у Мінску, могуць спакойна забраць на мяжы. З такой сітуацыяй сутыкнуўся мінчанін Аляксей.

“Замовіў у Вільні яго. Забраў, на мяжы аформіў такс фры, на беларускай мяжы паехаў па зялёным калідоры. Не ведаў, што з ім трэба на чырвоны, бо першы раз нешта вязу праз мяжу”.

Квадракоптар DJI Phantom-3 ляжаў у багажніку на самым бачным месцы. Як толькі багажік адчыніўся, мытнік адразу паклікаў па рацыі падмогу. Квадракоптар забралі, маўляў, ён можа мець двайное прызначэнне, і каб яго ўвезці у Беларусь, патрэбная экспертыза.

Усё афармленне, па словах Аляксея, заняло каля 5 гадзін. Яму нічога не тлумачылі, толькі пастаянна казалі: “Чакайце”. Так ён і прачакаў каля аўто і паехаў у Мінск без пакупкі за 1400 еўра. Тавары такім коштам, дарэчы, дазволена ўвозіць у Беларусь. Важыць такі Phantom-3 усяго 1200 грамаў і мае памер у дыяганалі 59 сантыметраў. Чаму ж забралі?

“Намеснік начальніка ашмянскай мытні мне сказаў, што яго адправяць у цэнтр Мінабароны, Акадэмію навук і КДБ для экспертызы, ці можна ім карыстацца ў Беларусі. Я даведваўся калі прыехаў, менавіта такія коптары пяць чалавек правозілі праз гэту мяжу і з Польшчай, і ўсё было нармальна. Але да мяне такую ж мадэль канфіскавалі ў двух хлопцаў. І яны таксама чакаюць вынікаў экспертызы, якая можа паўплываць і на маю. Але веры, што коптар вярнуць, мала”, — кажа Аляксей.

Цікава, якую ж ацэнку дадуць КДБ ці Мінабароны, калі такі самі квадракоптар можна набыць у Мінску абсалютна легальна. Крама, у якую звяртаўся Аляксей па дапамогу з дакументамі, мае ўсе сертыфікаты на гэтую самую мадэль. Але яны не падыходзяць для іншай партыі.

“У нас сертыфікаты Мытнага саюза ёсць. Але ў яго павінен быць свой сертыфікат. Бо сертыфікаты дзейнічаюць на розныя партыі. Павінна быць экспертыза, што гэта цацка, а не прадмет двайнога прызначэння”, — тлумачаць у краме і узгадваюць, што на мяжы быў выпадак, калі забіралі нават самы маленькі коптар.

На гарачай лініі Мытнага камітэта гісторыю адразу ж прыгадваюць. На пытанне, што рабіць, каб без праблем увезці ў Беларусь квадракоптар адказваюць:

“А не трэба везці. Таму што ў яго гэты квадракоптар забралі, і інспектары стаяць на сваім, што яны дзейнічалі законна. Вось цяпер чакайце, чым гэтая спрэчка вырашыцца. У нас шмат чаго ў Мінску прадаецца, што фізасобам нельга проста так правесці праз мяжу”, — адразу парыруюць у мытні на мой аргумент, што такія коптары можна спакойна набыць у Мінску.

З адказам на пытанне дапамагаюць у прэс-службе Мытнага камітэта. Высвятляецца, што на любы такі апарат патрэбнае заключэнне экспертаў.
Беспілотныя лятальныя апараты ўваходзяць ў спіс спецыфічных тавараў Дзяржваенпрама і Мытнага камітэта.

Код тавару адпавядае апісанню: самалёты і іншыя летальныя апараты, з масай пустога апарата не больш за 2000 кілаграм і іншыя.

То бок нашы 1200 грам гэта таксама не больш за 2 тысячы кілаграм. Таму для іх патрэбная экспертыза.

Гучыць гэта трошкі дзіўна. Бо такі коптар Phantom-3 нічым не адрозніваецца, напрыклад, ад дзіцячага верталёта. Ці самалёта на радыёкіраванні. Лятае на такую ж адлегласць і вышыню. Але трапляе пад характарыстыкі, указаныя ў спісе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі