Кватэру ў “доме Чыжа” здаюць за 10 000 долараў плюс рамонт

Высокія кошты на арэнду ўжо падкінулі праблем студэнткам Яне і Крысціне. Зараз дзяўчаты шукаюць кватэру на час вучобы. Студэнцкі бум падняў кошты нават на пакоі!

“Зараз знайшлі пакой на “Грушаўцы” за 400 долараў. Пакой! Там жыве нейкая дзяўчына, пэўна, знаёмая, і яна нічога не плаціць. Верагодна, таму за адзін пакой нам прапанавалі кошт такі, каб “адбіць” усю кватэру…”.

Вольга здымала двухпакаёўку ў Мінску на Заслаўскай. Паводле яе слоў, жыллё не вельмі:

“Кватэра звычайная, мэбля, сантэхніка я б не сказала, што ў парадку. Электрык сказаў, што ўсе каробкі трэба мяняць: працавала пральная машына і здарылася маленькае замыканне”, — распавядае Вольга.

Кошт двухпакаёўкі — 400 долараў за месяц, але зараз Вольга з'язджае, а гаспадыня падымае кошт да 500.

Ад коштаў на сайтах па арэндзе вочы і сапраўды лезуць на лоб — 400-500 долараў за аднапакаёўку! Калі сярэдні заробак па краіне — 610 долараў, дык на жыццё застанецца 200 баксаў?

У гаспадара кватэры, які здае звычайную “аднушку” з савецкай мэбляй за 500 долараў у Сухараве, пытаюся, чаму ён хоча такія грошы.

“Я ж не ведаю, — выдае гаспадар кватэры Зміцер.Ва ўсіх 500, я паглядзеў і паставіў такі ж кошт. Калі не здам за гэты кошт кватэру, буду зніжаць”, — гэта распавядае гаспадар кватэры ля МКАД.

У агенцтве “Свой вугал” заўважаюць: гаспадары кватэр ніяк не арыентуюцца на нейкія характарыстыкі жылля: раён, стан. Глядзяць на іншых і ставяць свой кошт:

“За 400 вы можаце зняць як укамплектаваную кватэру, гэтак і зусім пустую”, — самі здзіўляюцца ў агенцтве “Свой вугал”.

Эксперыментую з агенцтвамі: прапаноўваю ім дзве акуратныя аднапакаёўкі з мэбляй, але адна ў цэнтры, другая амаль на кальцавой.

І які кошт, вы б думалі, мне прапануюць агенцтвы за адну і другую? 400 долараў з гандлем у 30 долараў! Колькі ні спрабую высветліць, што ўплывае на кошт — у адказ нічога канкрэтнага.

“Калі ў вас няма пральнай машыны, гэта не прынцыпова, мы здамо кватэру за 350 і так”.

“Многія ўвогуле стараюцца ездзіць са сваім спальным месцам, і гэта не прынцыпова”, — упэўніваюць у агенцтвах.

Спальнае месца — не важна, тэлевізар — ніякіх плюсаў. Тады сапраўды даводзіць кватэру да нейкіх стандартаў гаспадарам не трэба — здымуць і так?

У мінусе тыя, што здаюць кватэру з неўкамплектаванай кухняй. У некаторых агенцтвах усё-такі пагаджаюцца: пральная машына — гэта плюс 10 долараў, поўны камплект на кухні таксама падвышае кошт. А вось месца кватэры ўплывае, толькі калі яна ў Чыжоўцы, Шабанах ці Сухараве.

“У гэтых раёнах кватэры сапраўды трошачкі таннейшыя”, — кажа начальнік аддзела арэнды “Твая сталіца” Наталля Радзеня. Агент заўважае, што фішка сезона — аўкцыёны гаспадароў: здаюць таму, хто дасць болей.

Голыя сцены за 10 000 долараў і вугал за секс і прыборку

Еўрарадыё пашукала і самыя танныя варыянты кватэр. Адна з першых аб’яў — 5 долараў за кватэру на “Каменнай горцы”. За прыборку-гатоўку і секс па жаданні. Але кватэру ўжо знялі — не прайшло і некалькіх дзён. Праўда, толькі за прыборку і гатоўку.

“Ужо здаў, без сексу — дамовіліся так. Усё ў кватэры ёсць: і пральная машына, і ўся тэхніка. 5 долараў быў кошт сімвалічны, здаў бясплатна”, — распавядае хлопец. 

Наступную кватэру за 100 долараў здавала арганізацыя …за працу поварам.

“Умовы такія: вы працуеце ў нас поварам і здымаеце кватэру. Можна і студэнтам працаваць. Аклад у повара — 3,5 мільёна, калі з перапрацоўкай — да 7 мільёнаў”, — распавядаюць Еўрарадыё ў кавярні пра ўмовы арэнды. За такі заробак трэба ўвогуле здаваць кватэру за мінімум. Але гаспадар — барын.

“Я лянівы — мне ляніва прыбірацца. Ад вас фота і трошкі пра сябе”, — расцягвае мне  Рыгор, ён у сваю паўпустую кватэру шукае маладую асобу. Але на просьбу прыслаць фота, каб паглядзець кватэру, Рыгор таксама лянуецца: маўляў, фоткі ёсць на іншых сайтах. Ляніваму гаспадару за кватэру трэба будзе даплаціць 100 долараў.

100-150 баксаў — гэта сярэдні кошт за пакой у Мінску. Адна праблема — іх хутка здымаюць. Застаюцца ўкамплектаваныя, але больш дарагія пакоі за 200, 230 долараў. Пакуль вольны пакой за 100 долараў знаходжу ажно ў пасёлку Гатава ля Чыжоўкі. У кватэры жыве хлопец 25 гадоў, “сам вельмі акуратны, п’е ў меру”.

“Кватэра брата, але ён у Расіі. Наведваецца сюды рэдка, але калі прыязджае будзе жыць у маім пакоі”, — і я пачынаю непакоіцца.

Ванная ў пакоі за 100 баксаў

Але што звычайныя кватэры — самую дарагую зараз здаюць у Мінску за… 10000 долараў! 450 “квадратаў” у знакамітым “доме Чыжа”. Але за гэтую суму будучым арандатарам прапаноўваецца… самім зрабіць рамонт.

“Там голыя сцены! Маецца на ўвазе, што арандатар сам у кошт арэнды зробіць рамонт. Ёсць тэраса на 150 квадратаў і два ўзроўні ў кватэры”, — кажа агент. Дзяўчына-агент проста не верыць, што нехта збіраецца і сапраўды зняць кватэру за такія грошы і прапаноўвае таннейшы варыянт, укамплектаваны.

У агенцтве “Твая сталіца” кажуць, што арандуюць элітныя кватэры … беларусы.

“Беларусы! Як ні дзіўна гэта казаць, але беларусы. Калі раней здымалі замежнікі і расіяне, дык зараз пачалі здымаць топ-менеджары”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі