Квіткі на міжнародныя цягнікі ў Беларусі падаражэлі з-за росту курсу валют
Квіткі на міжнародныя цягнікі ў Беларусі падаражэлі з 19 студзеня з-за росту курсу валют. Пра гэта паведаміў першы намеснік начальніка пасажырскай службы Беларускай чыгункі Андрэй Кашко.
"Падаражанне адбылося ў сувязі са зніжэннем курсу беларускага рубля да тарыфнай валюты міжнародных перавозак — швейцарскага франка — і ростам курсу еўра", — цытуе словы Кашко БЕЛТА. Паводле яго слоў, калі кошты на білеты ў краіны СНД залежаць ад курсу швейцарскага франка, дык у краіны ЕС — ад курсу еўра.
Нагадаем, з аўторка кошт білетаў падаражаў прыкладна на 8%. Калі плацкартны білет на цягнік №026Б з Мінска да Масквы на мінулым тыдні каштаваў 665 тысяч рублёў, дык цяпер — 720 тысяч рублёў. Квіток з Мінска да Вільні каштаваў 372 400 рублёў, ад сённяшняга дня — 402 тысячы (да гэтай сумы трэба дадаць яшчэ камісійны збор у 4000 рублёў).
Самы танны білет з Мінска ў Кіеў цяпер каштуе 627 300 рублёў, у Львоў — 596 700 рублёў.
Як паведамляла Еўрарадыё, летась праезд у цягніках міжнародных зносін у Беларусі падаражаў на 6,5%.