Лагвінец: Самая вялікая санкцыя — няўдалая эканамічная палітыка ўладаў

Пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў краін ЕС пройдзе сёння ў Бруселі. На ім будзе разглядацца пытанне ўвядзення дадатковых санкцый супраць уладаў Беларусі. З гэтай нагоды Еўрарадыё паразмаўляла з палітолагам Алесем Лагвінцом.

Еўрарадыё: Наколькі рэальна, што сёння ЕС увядзе эканамічныя санкцыі?

Лагвінец: “Шмат якія беларускія прадпрыемствы і так знаходзяцца ў “чорным спісе”, з прычыны эканамічнага і валютнага крызісу, які ёсць у нашай краіне. З той інфармацыі, што прыходзіць з брусельскіх СМІ, вынікае, што хутчэй за ўсё міністры абмяжуюцца толькі пашырэннем спіса неўязных. А пытанне канкрэтных эканамічных санкцыяў вельмі складанае і наўрад ці мы сёння даведаемся пра імя хоць нейкага прадпрыемства, што можа быць унесена у “чорныя спісы” ЕС”.

Еўрарадыё: Калі не сёння, то можа праз месяц? Ці ўвогуле магчыма ўвядзенне эканамічных санкцыяў ці гэта нерэальна?

Лагвінец: “Давайце прывяду прыклад — выключэнне Беларусі з агульнай сістэмы прэферэнцыяў. Справа гэта абмяркоўвалася цягам некалькіх год і ўрэшце Еўрапейскі звяз, не моцна гэтага жадаючы, прыйшоў да рашэння аб выключэнні Беларусі з агульнай сістэмы прэферэнцыяў у траўні 2007 года. Зараз сітуацыя яшчэ больш складаная, ЕС вымушаны рэагаваць больш хутка, але сёння, у бліжэйшым часе…
Ну можа праз месяц, калі сітуацыя не зменіцца, хутчэй за ўсё Еўрапейскі звяз можа падысці да такога рашэння. Але сёння сітуацыя вельмі неадназначная. Але не варта моцна зацыклівацца на гэтых санкцыях. Самая вялікая санкцыя супраць Беларусі — гэта няўдалая эканамічная палітыка беларускіх уладаў. І тут пытанне, каб беларусы як мага хутчэй зразумелі, што віна за гаротны стан сённяшні эканамічны цалкам ляжыць на ўладах”.

Еўрарадыё: Наколькі магчыма нейкае наладжванне адносінаў, нейкае “пацяпленне” адносінаў ЕС і Беларусі і асабліва, калі эканамічныя санкцыі будуць уведзеныя?

Лагвінец: “У палітыцы, пры наяўнасці палітычнай волі, шмат што можна памяняць. Сёння сітуацыя проста дэградуе і мы ведаем чаму. Гэта абумоўлена становішчам з правамі чалавека ў Беларусі і ўсцяж ціскам на незалежную грамадзянскую супольнасць. Магчымасць вяртання яна заўсёды застаецца. Але цяжка прагназаваць, што ўсё хутка зменіцца, з прычыны становішча палітвязняў.

Цяжка прагназаваць, што ўсё вельмі хутка зможа памяняцца. Хаця, зноў жа, мы чуем і ўнутры беларускай апазіцыі заклікі да таго, што можна пагаджацца на "нулявы варыянт", каб рэжым выпусціў усіх палітычных зняволеных, а ЕС вярнуўся да палітыкі дыялогу”.

Лагвінец: Самая вялікая санкцыя — няўдалая эканамічная палітыка ўладаў by mcdavid

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі