Латвія прывяла войскі ў баявую гатоўнасць з-за вучэнняў Беларусі і Расіі?
Пра гэта паведамляе мясцовая газета Latvijas Avize са спасылкай на крыніцу ва ўзброеных сілах.
Латвійскія вайскоўцы і члены добраахвотнага ваенізаванага фармавання “Земесардзэ” прыведзены ў стан павышанай баявой гатоўнасці. Гэта звязана з беларуска-расійскімі вучэннямі “Захад -2013”, у якіх Рыга бачыць пэўную пагрозу, перадае мясцовая газета Latvijas Avize са спасылкай на крыніцу ва ўзброеных сілах. Афіцыйна ў латвійскай арміі гэту інфармацыю абверглі, інфармуе DELFI. Аднак раней міністр абароны Арціс Пабрыкс выказваў занепакоенасць у сувязі з вучэннямі, заяўляючы, што яны праводзяцца не ў мэтах абароны.
“Вучэнні "Захад 2013" прадугледжваюць ваенныя дзеянні не на расійскай тэрыторыі, яны накіраваны супраць суседніх краін. Калі праводзяцца вучэнні такога роду, гіпатэтычныя магчымасці не выключаюцца”, — адзначаў ён.
У той жа час міністр прызнаваў, што сцэнар з уварваннем расійскіх войскаў Латвія лічыць малаверагодным.
Нагадаем, вучэнні “Захад -2013” пачаліся 20 верасня. Яны праходзяць на тэрыторыі Беларусі, а таксама Калінінградскай вобласці Расіі. На беларускай тэрыторыі бяруць удзел каля 13 тысяч вайскоўцаў, 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, больш за 50 самалётаў і верталётаў. Вучэнні накіраваныя “на праверку функцыянавання сістэмы сумеснай абароны Саюзнай дзяржавы”.
Фота: РИА Новости