Лібер: каб забраць кантроль у Лукашэнкі, беларусам трэба зноў аб'яднацца
Акцыя беларусаў у Варшаве / Еўрарадыё
Змяніць сітуацыю, у якой Аляксандр Лукашэнка адчувае сябе ўладаром Беларусі, а Расія спакойна будуе планы па паглынанні краіны, можна. Для гэтага беларусам трэба зноў сабраць грамадзянскую супольнасць, мяркуе сузаснавальнік праекта "Новая Беларусь" Павел Лібер. Сваімі думкамі ён падзяліўся ў эфіры Еўрарадыё.
Асноўная ўразлівасць сістэмы, якую выбудаваў Лукашэнка, — у рэальнасці, а не ў лічбавым асяроддзі, адзначае суразмоўца. Таму "хакнуць" яе няпроста.
— Беларуская дзяржава досыць аналагавая. Яна рэагуе ў першую чаргу на фізічныя пагрозы, а не на лічбавыя.
Як айцішнік магу сказаць, што паслядоўнасць правільных дзеянняў мне бачыцца ў пабудове моцнай грамадзянскай супольнасці, у перацягванні на сябе кантролю над эканамічнымі пластамі ў краіне для таго, каб Лукашэнка не адчуваў, што ён усім загадвае.
Таму што сёння ў краіне ён загадвае ўсім. Фізічная прастора зачышчаная. Ён кантралюе заробкі, прыёмы-не прыёмы на працу праз свой сілавы апарат. Ён знаходзіцца ў моцнай пазіцыі. Мы знаходзімся ў слабой пазіцыі, бо грамадзянская супольнасць сёння абсалютна не сфармаваная. Ёсць куча людзей, раскіданых па розных краінах, ёсць нізавыя актывісты і супольнасці ўнутры самой Беларусі. Пры гэтым мы разумеем, што гэта ўсё яшчэ група разрозненых людзей, якая не дзейнічае ў напрамку нейкай агульнай мэты з нейкім нармальным рэсурсам.
У праціўнікаў Лукашэнкі няма плана нават на тры-шэсць месяцаў. Таму не атрымліваецца ствараць сваю павестку. Застаецца толькі рэагаваць на тое, што адбываецца.
— Таму, мне здаецца, вялікі ўпор трэба рабіць на тое, каб сабрацца як нацыя, калі мы хочам заставацца нацыяй. Калі мы не хочам заставацца нацыяй, то да 2030 года ў Расіі ёсць план, як зрабіць так, каб мы нацыяй быць перасталі, калі гэтая паперка [зліты план Расіі па паглынанні Беларусі. — Еўрарадыё] праўдзівая. А я думаю, яна цалкам праўдзівая. Нічога новага яна нам не паведаміла, — заключае Павел Лібер.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.