Лідара крычаўскіх міліцыянтаў-"бунтаўнікоў" адхілілі ад пасады
Начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Крычаўскага РАУС падпалкоўніка міліцыі Ігара Вусіка часова адхілілі ад пасады на час службовай праверкі. Яна прызначаная ў сувязі выступам Вусіка на тэлеканале "Белсат", дзе падпалкоўнік распавёў пра шматлікія парушэнні ў Крычаўскім РАУС, паведамляе сайт 6tv.by.
На раніцу 5 траўня таксама прызначаны афіцэрскі сход Крычаўскага РАУС. На судзе афіцэрскага гонару будзе разглядацца пытанне пра выключэнне Вусіка з ліку чальцоў сходу.
Сам міліцыянт кажа, што 4 траўня пад ціскам кіраўніцтва ён быў вымушаны напісаць рапарт аб звальненні з Крычаўскага РАУС па згодзе бакоў. Але ўжо ўвечары таго самага дня Вусік даведаўся, што кіраўніцтва раённай міліцыі хоча звольніць яго па дыскрэдытуючых абставінах.
Міліцыянт кажа, што пасля звароту на імя міністра ўнутраных спраў і выступу ў незалежных СМІ ён адразу стаў "дрэнным" і атрымаў рэзка адмоўныя характарыстыкі. Але яшчэ ў 2016 годзе падпалкоўнік Вусік быў узнагароджаны медалём "За бездакорную службу", а таксама мае цэлы шэраг заахвочванняў.
На перыяд зняцця з пасады Вусік выконвае абавязкі ўчастковага міліцыянта.
Паводле звестак журналістаў, кіраўніцтва Крычаўскага РАУС цісне і на іншых падпісантаў пад зваротам на імя міністра Ігара Шуневіча. Ім пагражаюць звальненнем з міліцыі.