Lika White: Апроч топлес-дыджэйства, я танчу і вучуся на эканаміста
Першая топлес-дыджэйка Беларусі распавядае пра асаблівасці свайго занятку і планы на будучыню.
Еўрарадыё: Нашыя слухачы з цяжкасцю знайшлі фотаздымкі тваіх грудзей у інтэрнэце. Чаму так мала фотаздымкаў?
Lika White: Проста зашмат знаёмых пакуль што, якія не ведаюць, што я дыджэй, пакуль хаваю. Але мы працуем над гэтым, усё будзе.
Еўрарадыё: А як ты збіраешся паведамляць бацькам, сябрам, што робіш музыку топлес?
Lika White: Бацькі мае ведаюць, але не ведае большасць сваякоў. Яны вядома будуць шакаваныя. Але вось так, паціху, дзесьці ў газеце пачытаюць, дзесьці ў інтэрнэце на спасылку патрапяць.
Еўрарадыё: Але ж гэта не ў порна здымацца, ты проста паказваеш прыгожае маладое цела. Што тут такога?
Lika White: Вядома. Проста не ўсе людзі гэта разумеюць. Тыя, хто са мной кантактуе, хто працуе ў гэтай галіне, усе гэта ведаюць. А ў старэйшых свае прыярытэты.
Еўрарадыё: Ты вучылася ў дыджэя Крэмава, і гэта ён натхніў цябе выступаць топлес. Як праходзіла гэтае навучанне?
Lika White: Я з ім была ўжо знаёмая да гэтага, і ён мне ўвесь час казаў: “калі ты ўжо пачнеш дыджэіць?” І вось аднойчы ён тэлефануе і кажа, маўляў, можаш прыходзіць да мяне і займацца. У мяне акурат быў вольны час. Я пачала займацца, і тут ён падкінуў ідэю топлес-дыджэя. А я да гэтага працавала – танцавала топлес, і для мяне ў гэтым не было вялікай складанасці. Я пагадзілася, адвучылася, і цяпер граю як топлес-дыджэй.
Еўрарадыё: Што ты адчуваеш, калі выходзіш перад натоўпам людзей, якія прыйшлі паслухаць цябе і паглядзець твае грудзі?
Lika White: Кожны раз па-рознаму, але пераважна людзі радуюцца. Ад іх ідзе вялікая энергія і мне гэта падабаецца, у мяне пачынаецца эйфарыя і я проста адчуваю задавальненне. Гэта столькі эмоцый адразу – гэта проста трэба бачыць.
Еўрарадыё: Пакуль ты маладая і з целам у цябе ўсё ў парадку. А чым ты будзеш займацца, калі грудзі абвіснуць?
Lika White: Праз некалькі год абзавядуся сям’ёй, дзіцёнкам. Я не ведаю, я не збіраюся кідаць гэтую справу, мне падабаецца, шмат часу гэта не займае. Вядома, у мяне будзе нейкая нармальная стабільная праца, але я ўсё адно не кіну гэтую справу.
Еўрарадыё: А нейкія іншыя захапленні ў цябе ёсць?
Lika White: Яшчэ я танцую, захапляюся танцамі, а больш нічым, апроч таго, што вучуся ў інстытуце на эканаміста.