Ліпковіч: Не выключаю, што Кастусёў будзе прыдумваць мне лозунгі!

Еўрарадыё папрасіла вядомага блогера Яўгена Ліпковіча паразважаць над паралелямі паміж пратэстамі апазіцыі ў Беларусі і Расіі.

Ліпковіч: Не выключаю,што Кастусёў будзе прыдумваць мне лозунгі! by Hanna Balakhovich


Eўрарадыё: Ваш расійскі калега Аляксей Навальны вырашыў ісці ў прэзідэнты. Вы будзеце праяўляць “блогерскую” салідарнасць?

Яўген Ліпковіч: Буду праяўляць, бо буду яго падтрымліваць.

Eўрарадыё: Якім чынам будзе праяўляць салідарнасць?

Яўген Ліпковіч: У сацыяльных сетках.

Eўрарадыё: Нейкай кампаніі варта чакаць ад Яўгена Ліпковіча?

Яўген Ліпковіч: Я не думаю, што Навальнаму патрэбная мая падтрымка ў сацыяльных сетках, але тым не менш я паспрабую што-небудзь для яго зрабіць. Бо мне падабаюцца некаторыя рэчы. Чым менш карупцыі нас атачае, тым нам лепш, а Навальны змагаецца з карупцыяй. Хабары бяруць на ўсіх узроўнях, і мы ведаем пра гэта...

Еўрарадыё: Спадар Яўген, перад выбарамі ў Мінскі гарадскі савет  вы правялі вельмі цікавую кампанію. Чаму цікавых лозунгаў, неардынарных крэатыўных ідэяў так мала на мітынгах у Беларусі?  У Расіі прыдумляюць цікавыя лозунгі, а ў Беларусі толькі “Верым. Можам. Пераможам” ды “Саша Сыходзь” .

Яўген Ліпковіч: Праблема заключаецца ў рознасці падыходаў. У Расіі пратэстуюць "сытыя", а ў нас пратэстуюць "галодныя". Не літаральна галодныя, а тыя, якія выяўляюць незадавальненне і лічаць, што палітыка гэта сур’езная прафесійная праца. Таму яны з агнём у вачах ірвуць кашулі і крычаць “За Радзіму!” — з-за гэтага становіцца жахліва. Праўда, улады так сама сябе паводзяць. Апазіцыя, якая не дае крэатыўных метадаў, адлюстроўвае нашыя ўлады, якія, таксама не даюць крэатыўных лозунгаў масам.

Еўрарадыё:  Крэатыў мог бы вылучыць беларускую апазіцыю?

Яўген Ліпковіч: Так! Лозунгі з’явяцца, бо гэта рабіць весела. Людзі наплююць на тое, што лідары старыя, ідэі ў іх старыя, закансерваваныя ў сваёй барацьбе за ўладу. Лідары застаюцца, але пакаленні змяняюцца. Людзі ўбачаць, што ўсё можна зрабіць смешна, як у Расіі, а смех кансалідуе грамадства і змяншае страх. Я думаю, што ў нас гэта ўсё з’явіцца.

Еўрарадыё: Але хто будзе прыдумляць гэтыя лозунгі? Вы кажаце, што яны з’явяцца падчас бліжэйшай перадвыбарчай кампаніі. Але ці ёсць у нас крэатыўшчыкі ці трэба збіраць грошы на замежных?

Яўген Ліпковіч: Якія грошы? Якія спецыялісты? Было б жаданне пасцябацца. Навошта грошы? Каго наймаць? У нас што, мазгоў сваіх няма? Тут хапае людзей, якія могуць самі ўсё прыдумаць...

Еўрарадыё: А ў Беларусі ад якой партыі варта чакаць крэатыву?

Яўген Ліпковіч: Ад Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі, якую ўзначальвае Пазьняк. У іх прорва крэатыву. Ім трэба паспрабаваць перадаць іх палаючыя вочы, якія яны ўвесь час транслююць. У іх ужо ёсць свой гумар, але яго трэба крыху паднавіць, бо тое, што кажа Зянон Пазьняк, ужо надакучыла.

Еўрарадыё: На апошніх выбарах вы былі прыхільнікам Рыгора Кастусёва. Можа вы яму дапаможаце? Можа будзеце прыдумляць новыя лозунгі для наступных кампаній?

Яўген Ліпковіч: Я не выключаю, што Кастусёў будзе прыдумляць мне лозунгі.

Еўрарадыё:  Значыць, і вас мы можам пабачыць у наступнай кампаніі?

Яўген Ліпковіч: Я не выключаю. Гэта парламенцкая кампанія і я не бачу нічога дрэннага ў тым, каб пайсці паабараняць Севастопальскі парк...



Фота — mn.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі