Ліст Мясніковіча з запрашэннем Баўмгертнера ў Мінск (фота)

"Спадару Уладзіславу Баўмгертнеру, генеральнаму дырэктару ААТ "Уралкалій". Паважаны Уладзіслаў Артуравіч, запрашаю Вас 26 жніўня 2013 года ў г. Мінск для разгляду пытанняў, звязаных з дзейнасцю ЗАТ "Беларуская калійная кампанія". Міхаіл Мясніковіч", — такі ліст за подпісам беларускага прэм'ер-міністра быў адпраўлены 23 жніўня.

Нагадаем, Уладзіслаў Баўмгертнер прыляцеў у Мінск у панядзелак раніцай без вялікай дэлегацыі. Сустрэча была прызначаная на 11.00, паведамляе газета "Коммерсант". Крыніца выдання, якая не называецца, сцвярджае, што гендырэктар "Уралкалія" і прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч размаўлялі прыкладна на працягу гадзіны. І сустрэча "была далёкая ад канструктыўнай". "Па сутнасці, гэта быў маналог прэм'ера, які абвінавачваў асабіста Уладзіслава Баўмгертнера і "Уралкалій" у тым, што яны разбураюць Саюзную дзяржаву", — паведамляе "Коммерсант" тая ж крыніца.

Аднак на сустрэчы пра крымінальныя абвінавачванні гаворка не ішла. Адразу з Дома ўрада Уладзіслаў Баўмгертнер паехаў у аэрапорт, каб ляцець у Маскву. Падчас праходжання дагляду яму паведамілі, што неабходная дадатковая праверка, "бо ён можа правозіць з сабой наркотыкі". Пасля гэтага расіяніна затрымалі і адвезлі ў следчы ізалятар.

Гендырэктар "Уралкалія" нанёс шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі, заявіў Следчы камітэт Беларусі. Баўмгертнеру выставілі абвінавачванне ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Яму пагражае да 10 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Следчы камітэт паведаміў, што шкода па справе Беларускай калійнай кампаніі ацэньваецца ў 100 млн долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі