Літоўскага грамадзяніна высылаюць з Беларусі за перавышэнне хуткасці

Літоўскага грамадзяніна высылаюць з Беларусі за перавышэнне хуткасці

Літоўскага грамадзяніна высылаюць з Беларусі за неаднаразовыя парушэнні хуткаснага рэжыму. Гэтую гісторыю распавядае TUT.by. 60-гадовы Юрый Насачоў па нацыянальнасці рускі, але яшчэ ў 1980-я гады апынуўся ў Літве і потым атрымаў літоўскае грамадзянства. У 2000-х гадах ён перабраўся ў Беларусь, распачаў тут бізнэс, ажаніўся другім шлюбам і ў яго з’явілася двое дзяцей.

На пачатку студзеня Юрый атрымаў паведамленне з аддзелу па грамадзянстве і міграцыі, што яго дэпартуюць па заканчэнні тэрміну дзеяння дазволу на сталае пражыванне. Тэрмін заканчваўся 14 лютага. Высветлілася, што за два гады ў мужчыны назапасілася 29 адміністратыўных правапарушэнняў — штрафы за перавышэнне хуткасці і аднойчы за разварот у недазволеным месцы. Усе штрафы Юрый выплаціў.

Бізнэсмен не ўяўляе, дзе яму шукаць працу ў Літве ў такім узросце. Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што пасля разводу з другой жонкай з ім жыве сын, які не хоча жыць са сваёй маці. Перавезці 9-гадовае дзіця ў іншую краіну пасярод навучальнага года было б цяжка.

Цяпер Юрый збірае дакументы, каб давесці, што яго высылка з краіны немэтазгодная. Праваахоўныя органы пакуль ніяк не каментуюць сітуацыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі