Грамадзянін Расіі, якому пагражала дэпартацыя з Беларусі, учыніў самагубства
Грамадзянін Расіі, якому за адміністрацыйныя правапарушэнні пагражала дэпартацыя з Беларусі, учыніў самагубства. У яго засталіся шэсць дзяцей. Як інфармуе Радыё Свабода, трагічнае здарэнне адбылося ў Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці.
Віталь жыў у нашай краіне 14 гадоў, быў у законным шлюбе, працаваў на мясакамбінаце ў Буда-Кашалёве. Але пасля таго, як мужчыну злавілі ў стане алкагольнага ап'янення на працы, яго звольнілі. Таксама затрымлівалі за адсутнасць флікера.
"Від на жыхарства ў яго забрала міліцыя, — распавядае жонка Вольга. — Сказалі на працягу пяці дзён рабіць часовы дазвол на пражыванне, або дэпартуюць на дзесяць гадоў. Тыя паперы больш за сто рублёў каштавалі. Грошай не было дзе ўзяць".
Віталь уладкаваўся дворнікам у гімназію ў раённым цэнтры. Але і пасля гэтага міліцыянеры казалі пра дэпартацыю. "Вось так набраў сабе ў галаву, і ўсё", — кажа Вольга.
Тым часам у Гомельскім абласным судзе абскарджвае рашэнне аб дэпартацыі ўкраінец Сяргей Працэнка, які працуе ў Буда-Кашалёве на іншым мясакамбінаце. Яго высылаюць на тры гады за адміністрацыйнае правапарушэнне.