Літоўскія памежнікі: некаторыя беларусы кажуць, што бягуць ад мабілізацыі
У Вільні адзначаюць значнае павелічэнне колькасці грамадзян Беларусі, якія просяць палітычны прытулак у Літве. У студзені такіх было 8 чалавек, у лютым — 9, за няпоўны сакавік ужо 35, паведамляе Delfi.
Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустам Любаеў кажа, што масавага ўезду беларусаў, як і расіян-уцекачоў, не фіксуецца. Паводле яго слоў, большасць беларусаў кажуць, што бягуць "ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, ад рэпрэсій, некаторыя кажуць, што ўдзельнічаюць у дзейнасці апазіцыі". Любаеў прыгадвае, што такіх людзей было шмат у 2020-2021 гадах.
Сёлета "з'явіліся маладыя людзі, якія заяўляюць, што бягуць [з Беларусі] ад прымусовай мабілізацыі, прызыву ў войска, бо не хочуць удзельнічаць у расійскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны", дадае кіраўнік літоўскіх памежнікаў. Такія ж уцекачы прыбываюць у Літву з Калінінградскай вобласці РФ. Былі выпадкі, калі прасілі палітычнага прытулку расійскія грамадзяне, якія ехалі праз Літву на транзітным цягніку, ці прыходзілі ў пункты пропуску з Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.