Лукашэнка даслаў падарунак Зяленскім
Аляксандр Лукашэнка даслаў падарунак украінскаму прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму і яго жонцы Алене. Гэта — вышыванкі, паведамляе тэлеграм-канал Пул Першага. Такім чынам беларускі кіраўнік зрабіў падарунак у адказ на падарунак, атрыманы ў траўні ад Зяленскага. Гэта таксама была вышыванка — традыцыйная ўкраінская вышытая сарочка. Прэзідэнт Украіны дасылаў такія падарункі кіраўнікам розных краін свету. А вось Лукашэнка — толькі Зяленскім.
У лісце, далучаным да вышыванак, адзначаецца, што з гісторыі вядома: беларусы і ўкраінцы "стаялі плячом да пляча, абаранялі правы на самастойнае і свабоднае развіццё".
Сёлета Уладзімір Зяленскі можа прыехаць у Беларусь. У кастрычніку ў Гродне мусіць прайсці трэці Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны. Папярэдне Кіеў даў згоду. Лукашэнка і Зяленскі ўжо сустракаліся — у кастрычніку 2019 года ў Жытоміры на другім Форуме рэгіёнаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.