Лукашэнка: Еду сам за рулём, ідзе чалавек у масцы ў поле. Навошта?

Лукашэнка: Еду сам за рулём, ідзе чалавек у масцы ў поле. Навошта?

У панядзелак Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт сродкаў індывідуальнай абароны і агучыў планы наведаць прадпрыемствы, якія іх вырабляюць. Ён прымаў з дакладамі кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Сергяенку, міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка і старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву. Гаворка ішла пра сітуацыю ў сферы аховы здароўя, пра каранавірус.

Лукашэнка даручыў падрыхтаваць яму пералік прадпрыемстваў, якія выпускаюць згаданыя сродкі абароны. Ён збіраецца выбраць асобныя з іх і наведаць, каб спытаць там, "ці цэлыя суткі яны працуюць і шыюць маскі". "Цяпер маскі і іншае — бахілы, акуляры, шчыткі — каштуюць шалёных грошай,цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Цэны падскочылі".  

Беларускі кіраўнік не згодны з сітуацыяй, што дагэтуль даводзіцца купляць маскі, рэспіратары і іншае за мяжой, бо ўсё гэта можна вырабіць у нашай краіне і "грошы пакінуць у сябе" ды яшчэ і не пераплочваць у тры разы.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка заклікае беларусаў не паддавацца "каранавіруснаму псіхозу". Ён распавёў гісторыю, як ён у нядзелю ездзіў па Мінскай вобласці.

"Еду сам за рулём, — распавядаў Лукашэнка Сергяенку, Караніку і Качанавай. — Людзі выходзяць з вёскі на поле. І ідзе чалавек: адзін... і маска на твары. Здымі маску, падыхай свежым паветрам!".

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што адна справа ў горадзе хадзіць у ахоўнай масцы, дзе шмат людзей, і зусім іншая, калі "паміж вёскамі ідзе ў поле ў гэтай масцы". "Мы ўжо людзей перанапружылі, — працягваў Аляксандр Лукашэнка каментаваць пабачанае на дарозе. — Ад чаго абароніць маска ў полі?".

Пастаўлена задача прадпрыемствам штодня нарошчваць вытворчасць сродкаў індывідуальнай абароны, антысептыка. Вядома, што прадпрыемствы "Беллегпрама" з лютага вырабілі амаль 15 мільёнаў масак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі