Лукашэнка і Пуцін прыйшлі да высновы, што Беларуская АЭС — найлепшая
21 лютага падчас тэлефоннай размовы Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмеркавалі будаўніцтва Беларускай АЭС. "Мы прыйшлі да высновы, што гэта будзе найлепшая станцыя, — цытуе словы кіраўніка нашай краіны sb.by. — Найлепшая, якую мы з расіянамі пабудуем".
Па словах Лукашэнкі, "па такім тыпе... расіяне будуць будаваць [атамныя станцыі] па ўсім свеце, і мы будзем падстаўляць плячо, дзе трэба".
Беларуская АЭС будуецца ў Астравецкім раёне. Падчас нядаўняй сустрэчы ў Сочы Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін даручылі да канца лютага прадаставіць канчатковы графік па завяршэнні працаў на першым энергаблоку. Урады Беларусі і Расіі мусілі абмеркаваць умовы крэдыту на фінансаванне будаўніцтва АЭС.
Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што падчас тэлефоннай размовы абмеркаваў з расійскім прэзідэнтам "пытанні крэдытных нашых пагадненняў, абавязацельстваў, і крэдытаванне Беларусі, і беларускай эканомікі, і пытанні працэнтных ставак".
"Асабліва па атамнай станцыі, каб мы хутчэй яе скончылі "у пакеце", — заявіў беларускі кіраўнік.
Таксама Лукашэнка і Пуцін гаварылі пра магчымасць сумеснага будаўніцтва АЭС у Егіпце: "У нас, напэўна, там будзе агульная будоўля".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.