Лукашэнка хоча скласці спіс бізнесоўцаў, якім дадуць "індульгенцыю" ад праверак

Нарада ў Лукашэнкі / БЕЛТА
Спіс добрасумленных бізнесоўцаў, якія атрымаюць "індульгенцыю" ад праверак, могуць скласці ў Беларусі. Такую прапанову агучыў Аляксандр Лукашэнка 17 лютага на нарадзе з прадстаўнікамі бізнесу.
Праўда, адразу і ўдакладніў, што зусім ад праверак пазбавіцца не ўдсца — проста яны будуць радзейшымі, чым у астатніх.
"Дамо каманду Камітэту дзяржкантролю і іншым, каб яны прыходзілі да вас, цікавіліся, і падаткавікі нават, адзін раз на тры гады. Але там павінна быць усё жалезабетонна. Таму што сёння не парушалі, заўтра — парушылі", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Ён прапанаваў, каб яму на подпіс далі такі спіс, а пра неабходнасці і папаўнялі яго: "Яшчэ дадаліся прыстойныя людзі, якія не парушаюць, да якіх прычапіцца няма да чаго, — мы іх туды дадамо".
Лукашэнка заявіў, што прыватны бізнес будзе працаваць у роўных умовах з дзяржпрадпрыемствамі, але тады і кантроль павінен быць аналагічны.
"Але, падкрэсліваю, мы гатовыя не кантраляваць. Як дамовімся. Калі вы плаціце падаткі. Гэта галоўнае. І не будзеце крыўдзіць людзей — звычайных рабочых, сялян, якія ў вас працуюць. Гэта галоўныя дзве ўмовы", — падкрэсліў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.