Лукашэнка крытычна выказаўся і пра беларускі фрыстайл
Аляксандр Лукашэнка крытычна выказаўся пра беларускі фрыстайл. На нарадзе, прысвечанай развіццю зімовых відаў спорту, ён нагадаў, што Беларусь у фрыстайле ўваходзіць у лік сусветных лідараў і магла б узяць на Алімпіядзе ў Пхёнчхане палову медалёў.
“Аднак не ўзялі, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — І віна ў гэтым не толькі спартсменаў. Вядома, ёсць пытанні да аб’ектыўнасці судзейства. Але не менш іх і ў адносінах падыходаў трэнерскага штабу”.
У Пхёнчхане “золата” ў лыжнай акрабатыцы выйграла Ганна Гуськова. На гэтым узнагароды беларускіх фрыстайлістаў на зімовай Алімпіядзе скончыліся. Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па фрыстайле — Мікалай Казека.
“Вельмі сумна, калі ў фрыстайле сёй-той “зазвездился”. Трэба своечасова спусціцца на зямлю”, — параіў Аляксандр Лукашэнка.