Лукашэнка: Міліцыі не варта было чапаць салідарных з Charlie Hebdo
Ён загадаў міністру ўнутраных спраў разабрацца з канкрэтным выпадкам.
Таццяна Мельнічук з ВВС спыталася ў Аляксандра Лукашэнкі пра затрыманні некалькіх чалавек, якія выходзілі да французскай амбасады і помніка Тарасу Шаўчэнку. Па яе словах, такія затрыманні дрэнныя для іміджу моцнай улады.
Нагадаем, што да французскай амбасады выходзілі Анатоль Лябедзька, Паўлюк Канавальчык і яшчэ два актывісты на знак салідарнасці з расстралянымі журналістамі з часопіса Charlie Hebdo. Суд над Лябедзькам за выказванне салідарнасці яшчэ павінен адбыцца.
Каля помніка Тарасу Шаўчэнку адбылося масавае затрыманне актывістаў, якія прайшлі ўшанаваць памяць Міхаіла Жызнеўскага і іншых герояў Нябеснай сотні.
Лукашэнка сказаў, што цалкам згодны з меркаваннем журналісткі. Ён заявіў, што міліцыі не варта было чапаць гэтых людзей, і даручыў разабрацца кіраўніку МУС. Міністр паспрабаваў сказаць, што яны нікога не баяцца. Але Лукашэнка спыніў і сказаў разабрацца з канкрэтным выпадкам, каб надалей такога не было.