Лукашэнка не мае намеру прадаваць завод колавых цягачоў
Але калі прапануюць 3 млрд, пытанне па продажы будзе разглядацца.
Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання завода колавых цягачоў заявіў, што дзяржава пакуль не мае намеру прадаваць гэтае прадпрыемства.
“Я не хацеў бы прыватызаваць (чытай: аддаваць за бясплатна) тое, што створана народам”, — заявіў ён.
Лукашэнка таксама сказаў, што апошнія некалькі гадоў яму навязваюць ідэю прыватызацыі і продажу завода. І вельмі шмат прапаноў паступала ад Расіі.
“Калі нешта і прадаваць, то гэта трэба прадаваць за вялікія грошы. Але нам часта кажуць: мы можам за мільярд даляраў такі завод пабудаваць, а вы ад нас патрабуеце два мільярды. Я кажу: паспрабуйце”, — цытуе словы кіраўніка Беларусі Беларускае тэлеграфнае агенцтва.
Разам з тым, Лукашэнка заявіў: “Але калі 3 млрд пакладуць, будзем разглядаць гэтае пытанне. Тады я буду адказваць за адно: каб вашы правы як удзельнікаў працоўнага калектыва не былі парушаныя, каб атрымлівалі нармальную зарплату і каб не кіравалі вамі не так, як трэба. Таму што, хто б сюды ні прыйшоў, гэта не іх краіна, не іх зямля, і людзі чужыя. Выціснуць, атрымаць нармальны тавар, менш заплаціць — мы гэта ўжо ведаем. Але яны таксама ведаюць маё стаўленне да гэтага”. Ён нагадаў, што ў Беларусі ўжо вярталі дзяржаве прадпрыемствы, дзе нядобрасумленна працаваў прыватнік.
Фота: belta.by