Сядзібу Падароск, забраную ў мецэната, выставілі на аўкцыён

Маёнтак Падароск да таго, як яго забралі ва ўласніка / Google maps
На аўкцыён выставілі сядзібу Чачотаў-Бохвіцаў у Падароску (Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці). На сайце аўкцыёнаў абазначана каля 20 лотаў з сядзібы.
Раней сядзібу ў Падароску забралі ў мецэната Паўла Падкарытава, а яго супрацоўнікаў адправілі ў зняволенне. Мецэнат займаўся аднаўленнем маёнтка і планаваў адкрыць там музей беларускай шляхты.
Як заўважыў сайт Hrodna.life, на продаж улады выставілі такія лоты, як стайня (разваліны), былая сядзіба, хлеў, калодзеж, кузня, уязная брама. Таксама прадаюцца "спадарожныя" аб’екты накшталт прыбіральні, брукавання, платоў, брамак. Сядзібу пазначылі як гістарычны помнік, нежылы дом.
Канкрэтныя цэннікі на лоты пакуль што не выстаўленыя. Балансатрымальнікам пазначаны аддзел культуры Ваўкавыскага райвыканкама.
Павел Падкарытаў і фірма "Маёнтак Падароск" валодалі сядзібай з 2013 года. Пасля падзеяў 2020-га мецэнат быў вымушаны пакінуць Беларусь. У 2023-м Ваўкавыскі раённы суд па пазове Ваўкавыскага аддзела культуры скасаваў дамову набыцця. Абскардзіць гэтае рашэнне не ўдалося.
А да гэтага ў кастрычніку 2022-га там затрымалі трох супрацоўнікаў фірмы, у тым ліку кіраўніка Юрыя Меляшкевіча. Спярша ўсе праходзілі па крымінальнай справе пра ўхіленне ад выплаты падаткаў, але праз нейкі час затрыманыя выйшлі на волю, а крымінальныя справы на іх спынілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.