Лукашэнка паабяцаў актывісту БНФ адмяніць транспартны падатак для ветэранаў

Аплату транспартнага падатку могуць адмяніць у Беларусі для ветэранаў Другой сусветнай вайны. Прынамсі, гэта паабяцаў Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў горад Слаўгарад Магілёўскай вобласці мясцоваму сябру БНФ, актывісту і ветэрану вайны Феліксу Шкірманкову.

“Я яму сказаў, што ў Беларусі засталося 3 тысячы ветэранаў, з якіх ад сілы 30-40 могуць кіраваць уласным аўтамабілем, — распавядае пра гутарку з Лукашэнкам Фелікс Шкірманкоў. — І яны за год наязджаюць ад сілы 2-3 тысячы кіламетраў, а вымушаныя плаціць гэты падатак так жа, як і тыя, хто ў месяц наязджае па 20-30 тысяч. Ён у мяне пытаецца: “А ты плаціш падатак?” Адказваю, што плачу. Ён мне: “Адменім!” Я яго пытаюся: “Дамовіліся? Дакладна?” Ён: “Дакладна, адменім!”. Паціснулі адзін аднаму руку, і на тым, як кажуць, разышліся”.

Пасля сустрэчы да ветэрана ніхто не падыходзіў і дадаткова не размаўляў. Цяпер Феліксу Шкірманкову цікава, “што значыць слова прэзідэнта, і як яно будзе, бо да 9 траўня засталося 11 дзён”.

Нагадаем, пошліна за допуск транспартных сродкаў да дарожнага руху была ўведзеная са 1 студзеня 2014 года. За звычайны легкавы аўтамабіль неабходна плаціць штогод па 3 базавыя велічыні. Пазней была ўведзеная 50%-зніжка для пенсіянераў і інвалідаў. Гэтак званы транспартны падатак аплачваецца падчас праходжання тэхагляду.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі