Лукашэнка падказаў работнікам МАЗа, як пабудаваць сабе кватэру
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дзяржава пастараецца зрабіць максімум для вырашэння жыллёвых пытанняў грамадзян. Пра гэта ён паведаміў 7 красавіка, калі наведваў Мінскі аўтамабільны завод.
Адзін з работнікаў завода паведаміў, што на МАЗе больш за тры тысячы чалавек маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Работнік пацікавіўся перспектывамі долевага будаўніцтва.
У адказ Лукашэнка распавёў, што ёсць некалькі варыянтаў вырашэння жыллёвага пытання, перадае БЕЛТА. Жыллё можна пабудаваць альбо за ўласныя фінансы грамадзян, альбо за сродкі прадпрыемства, альбо пры сумесным укладанні сродкаў работнікаў і прадпрыемства. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што домабудаўнічыя камбінаты гатовыя будаваць жыллё з мінімальнай рэнтабельнасцю для сябе 5%. У такім разе кошт аднаго квадратнага метра можа скласці каля 500 долараў.
Сродкі з бюджэту на будаўніцтва жылля Лукашэнка вылучаць адмовіўся. Ён нагадаў, што дзяржава вылучала МАЗу з бюджэту сродкі на падтрымку прадпрыемства. "Таму, калі казаць пра тое, што на жыллё таксама трэба даць грошы, то трэба разумець, што гэтыя сродкі трэба забраць у дактароў і настаўнікаў. Яны маюць заработную плату ніжэй, чым у сярэднім на МАЗе", — падкрэсліў кіраўнік Беларусі.
Ён параіў, каб гендырэктар МАЗа разам з прафсаюзным камітэтам падумалі, як зрабіць першыя крокі ў гэтым напрамку. "Калі гэта будзе магчыма, мы вас падтрымаем", — запэўніў Лукашэнка.