Лукашэнка параіўся з Сечыным пра тое, "як дзейнічаць далей"
18 лютага ў Мінск на запрашэнне беларускага кіраўніка прыляцеў старшыня праўлення "Раснафты" Ігар Сечын. Падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам абмяркоўвалася сітуацыя з пастаўкамі расійскай нафты ў нашу краіну. "Хаваць няма чаго, — цытуе словы Лукашэнкі sb.by. — Хацелася б абмеркаваць з кіраўніком найбуйнейшай нафтавай публічнай кампаніі сітуацыю, якая складваецца ў нас ва ўзаемаадносінах Беларусі і Расіі па нафце... Хацелася б поўнай яснасці".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што паколькі Сечын азнаёмлены з сітуацыяй, "было б няправільна нават не параіцца па асобных пытаннях, як дзейнічаць далей".
Беларусь не мае дамовы на пастаўкі расійскай нафты ў 2020 годзе, паколькі не згодная з прапанаваным коштам. У студзені адбываліся толькі разавыя пастаўкі (500 тысяч тон замест запланаваных 2 млн тон), і Аляксандр Лукашэнка нядаўна папярэдзіў, што ў выпадку паўтарэння сітуацыі ў лютым нафту будуць браць з транзітнай трубы.
"Адказваючы на ваша пытанне, што рабіць далей, Аляксандр Рыгоравіч, трэба працаваць разам, — гаварыў Сечын. — Мы настроены канструктыўна". Госць нагадаў, што "Раснафта" — найбуйнейшы інвестар у эканоміку Беларусі, з'яўляецца акцыянерам Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, мае сетку заправак у нашай краіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.