Лукашэнка павіншаваў "вялікага заўзятара Беларусі" Кустурыцу з юбілеем

Эмір Кустурыца / www.novinky.cz
Эмір Кустурыца / www.novinky.cz

24 лістапада сербскаму рэжысёру Эміру Кустурыцы спаўняецца 65 гадоў. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў яго з днём нараджэння.

"Мы высока цэнім вас як выдатнага майстра сучаснасці і нашага добрага сябра. Упэўнены, што ваша шматгранная творчая дзейнасць і надалей будзе насычаная новымі арыгінальнымі ідэямі і цікавымі праектамі", — гаворыцца ў віншаванні.

Эмір Кустурыца прыязджаў у Беларусь у 2010 годзе, незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў. Тады ён быў сур'ёзна захоплены ідэяй зняць фільм пра Фёдара Дастаеўскага і не быў упэўнены, што здолеў бы зрабіць фільм пра Аляксандра Лукашэнку. А вось сустрэцца з Лукашэнкам ў яго тады атрымалася.

"Гэта была вельмі прыемная сустрэча. Я памятаю яго яшчэ з часоў, калі ён падтрымаў наш народ падчас бамбардзіроўкі, і за гэта я яму вельмі ўдзячны. Гэта была сустрэча з вельмі моцнай асобай. Можа, камусьці гэта не падабаецца, але гэта вельмі моцная асоба, распавядаў пасля гэтай сустрэчы Кустурыца. — Я яму сказаў, што мне вельмі падабаецца арыгінальнасць гэтай краіны, і распавёў яму пра некаторыя тэорыі, якія існуюць адносна краін, што пераходзяць ад камунізму і сацыялізму да капіталізму. Згодна з гэтай тэорыяй, наколькі больш павольна краіна пераходзіць да капіталізму, настолькі для яе лепш. У вас відавочна, што гэты працэс не ідзе хутка. Магчыма, для вас гэта і не вельмі зручна, але, паколькі я чалавек мінулага і будучыні, я спадзяюся, што ў будучыні вам будзе ўсё лепш і лепш".

Кустурыца называў сябе "вялікім заўзятарам Беларусі", а пра Мінск сказаў, што "так павінны выглядаць усе гарады свету". У 2010-е забудоўваць сталіцу Беларусі ўзяліся кампаніі сербскіх бізнесоўцаў братоў Карычаў. Некаторыя характэрныя месцы Мінска іх новыя будынкі змянілі да непазнавальнасці. Цікава, што б цяпер сказаў пра гэта Эмір Кустурыца.


Што яшчэ Кустурыца распавядаў у Мінску

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі