Лукашэнка — прадпрымальнікам: Раю вам не замаўляць артыкулы ў прэсе

Гаворка ідзе аб праекце ўказа "Аб некаторых пытаннях рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі".



Звяртаючыся да прадпрымальнікаў, Аляксандр Лукашэнка перасцярог іх: "Я ведаю, вы людзі нябедныя і можаце замовіць у жоўтай прэсе любы артыкул, але вам раю гэтага не рабіць, таму што можна атрымаць сітуацыю наадварот. І ганіце ад сябе усялякіх там Шумчанкаў, ці то яшчэ кагосьці, каб яны нават блізка каля вас не хадзілі. У іх няма нічога з вамі агульнага і быць не можа, ім трэба іншае".



Што датычыць указа, то, па словах Лукашэнкі, рашэнне будзе прымацца, зыходзячы з выгады перш за ўсё для спажыўцоў і дзяржавы. А толькі потым — для прадпрымальнікаў.



Пры гэтым беларускі кіраўнік назваў працу ІП цяжкой: "Гэта ж трэба — цягнуцца ў Маскву, перад кімсьці стаяць на каленях, у торбах сюды везці тавар, дамаўляцца там пра нейкія зніжкі, каб цэны былі прымальныя, потым і ў мароз, і ў сцюжу, і ў спякоту прадаваць іх тут. Гэта цяжкая праца".



Гуляць з дзяржавай, прапаноўваючы адтэрмінаваць прыняцце рашэнняў, недапушчальна, падкрэсліў ён. "Ніякіх часовых рашэнняў напалову тут быць не павінна. Мы і так іх прынялі мноства", — перадае БелаПАН словы Лукашэнкі.



У той жа час ён заявіў, што, перш чым падпісаць указ, хацеў бы ўбачыць глыбіню працэсаў, якія адбываюцца ў прадпрымальніцкім асяродку: "Калі гэта людзі, якія перабіваюцца з вады на хлеб, — чаго мы да іх чапляемся? Калі гэтыя людзі ўжо супербагатыя сталі і могуць чымсьці падтрымаць дзяржаву, мы іх папросім, каб яны, разбагацеўшы, стаўшы на ногі за кошт беларускага народа і дзяржавы, таму што спажыўцамі з'яўляюцца яны, трошкі падзяліліся з дзяржавай. Мне патрэбна не знешняя матывацыя: вось Мытны саюз, давайце накінем пятлю на шыю часткі беларускага народа. Мне такі Мытны саюз не патрэбны, дзе мы будзем накідваць петлі людзям, якія сёння працуюць". Ён дадаў, што гаворка ідзе аб 60 тысячах ІП, якія займаюцца ўвозам і рэалізацыяй тавараў.

Фота — БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі