Лукашэнка прэм’еру: “Лічыце, што ў нас у эканоміцы ваеннае становішча”
Прымаючы даклад прэм’ера, прэзідэнт заявіў, што не хоча ствараць буржуазнае грамадства ў нашай краіне з прорвай між багачамі і звычайнымі людзьмі.
Прымаючы сёння з дакладам прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова, кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад урада выканання ўсіх сацыяльна-эканамічных паказчыкаў, запланаваных на 2015 год. “Я разумею, складанасці і цяжкасці. Але лічыце, што ў нас ідзе ў эканоміцы вайна, ваеннае становішча”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
“І мы павінны зрабіць усё для таго, каб вось у гэтых ваенных эканамічных умовах выканаць тыя задачы, якія перад сабой паставілі, і мы павінны іх вырашыць сёлета”, — загадаў прэзідэнт.
Ён таксама адзначыў, што не жадае роста бездані між багатымі слаямі насельніцтва і простым народам:
“І самае галоўнае, калі ўжо казаць аб канцэптуальных вашых прапановах, — я не хачу стварыць такое буржуазнае або буржуазна-дэмакратычнае грамадства, дзе будзе прорва паміж багатымі, чытай, нашымі бізнесменамі, прадпрымальнікамі, можа, нейкімі чынушамі і гэтак далей, і звычайным народам. Вось гэтая прорва абавязкова прывядзе да скандалу, як мінімум. А як максімум, і мы гэта ўжо праходзілі, — да рэвалюцыяў. Дэстабілізаванае будзе грамадства, і, можа, мы яшчэ раней і хутчэй паўторым ўкраінскі варыянт. Можа быць, без вонкавага ўмяшання”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён перасцярог ўрад ад з'яўлення прапаноў, адарваных ад жыцця, далёкіх ад выканання: “Нам патрэбныя прапановы, якія сёння і заўтра дазволяць нашым людзям нармальна жыць”, - паведамляе БЕЛТА.
Фота: ceapp.info