Лукашэнка прызнаў, што ў Беларусі застаюцца падпольшчыкі і партызаны

"Абстаноўка вельмі сур'ёзная"

"Абстаноўка вельмі сур'ёзная" / t.me/vvmvdrb/

25 красавіка, выступаючы на Усебеларускім народным сходзе, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што робяцца спробы арганізаваць у Беларусі нацыянальна-вызваленчы рух. "Мы гэтых падпольшчыкаў так званых выяўляем", — сказаў ён. І дадаў, што выявілі не ўсіх падпольшчыкаў і партызан. Паводле яго слоў, "многае атрымліваецца" ў кіберпартызан.

Лукашэнка распавёў, што за мяжой робяцца намаганні па стварэнні Беларускай вызваленчай арміі (нібыта яе ствараюць амерыкацы), згадаў "удасканаленне "Плана Перамога 2.0". Паводле яго слоў, палітуцекачы праходзяць падрыхтоўку ў краінах Балтыі і Польшчы. А ва Украіне існуе полк Каліноўскага і Беларускі добраахвотніцкі корпус. Па версіі Аляксандра Лукашэнкі, апошні ўдзельнічаў у рэйдзе ў Белгародскую вобласць РФ. А Рускі добраахвотніцкі корпус нібыта гатовы далучыцца да Беларускай вызваленчай арміі.

"Я вас не запалохваю... Але абстаноўка вельмі сур'ёзная", — сказаў напрыканцы Лукашэнка.

Старшыня КДБ Іван Тэртэль у сваім выступе пацвердзіў, што на Захадзе "усур'ёз абмяркоўваецца стварэнне Беларускай вызваленчай арміі".

На Усебеларускім народным сходзе будзе прынятая канцэпцыя нацбяспекі і вайсковая дактрына РБ. У сваім выступе Аляксандр Лукашэнка даў характарыстыку міжнароднай сітуацыі. З яго слоў вынікае, што Захад рыхтуецца да вайны і Беларусь можа трапіць пад "першы ўдар".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі