Лукашэнка раіць алімпійцам: "Набі ім морду, пакажы ім, што ты сапраўдны беларус"
Летам 2024-га ў Парыжы пройдзе Алімпіяда
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не супраць, каб беларускія спартсмены выступалі ў Парыжы ў нейтральным статусе. Паводле яго слоў, "гэта справа спартсмена".
"Калі ён вырашыць удзельнічаць у Алімпіядзе, ён яшчэ больш злы будзе, — гаварыў Лукашэнка ў аўторак у Касцюковічах. — Вы ж разумееце, настрой і злосць у спорце немалаважнае мае значэнне. Але калі ўжо ты адабраўся і едзеш туды ў нейтральным статусе, набі ім морду, пакажы ім, што ты сапраўдны беларус... І калі ты выйдзеш пераможцам — гэта для нас добрая тэма для таго, каб мы ім яшчэ і палітычна морду набілі".
Такім чынам, Аляксандр Лукашэнка даў яшчэ адзін аргумент прыхільнікам поўнай забароны ўдзелу спартсменаў у Беларусі ў Алімпіядзе ў Парыжы. Для яго гэта найперш палітычная акцыя, якую выкарыстае прапаганда.
"Заўтра мы вернемся ў гэтую еўрапейскую, сусветную сям'ю, — працягваў Лукашэнка. — І мы ім пакажам, што мы можам. А спартсмен хай вызначыцца сам: хоча паехаць — хай едзе і выступае, але толькі годна выступае, каб мы ім ганарыліся. Я ні на каго ціснуць не буду і настойваць не буду".
Беларускі спорт, як і расійскі, знаходзіцца пад санкцыямі з 2022 года з-за агрэсіі РФ супраць Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.