Лукашэнка — Румасу: За што людзі ідуць у турму?

Лукашэнка — Румасу: За што людзі ідуць у турму?

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў змагацца з пасярэдніцтвам і больш актыўна развіваць імпартазамяшчэнне. У аўторак ён сустракаўся з прэм'ер-міністрам Сяргеем Румасам. Лукашэнка адзначыў, што пасярэдніцтва нярэдка становіцца асновай для карупцыі.

"За што людзі ідуць у следчы ізалятар, а пасля ў турму, і найперш чыноўнікі? — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Усе павязаныя пасярэдніцкімі схемамі. І што дзівіць — у нас пасярэднікі нават на беларускую прадукцыю. У Мінску вырабляем, і праз пасярэдніка мінскія прадпрыемствы купляюць".

Гэтую сітуацыю кіраўнік дзяржавы назваў поўным абсурдам. Паводле яго слоў, пасярэдніцтва стала праблемай, ёй мусіў займацца Камітэт дзяржкантроля, але вынікаў ён пакуль не бачыць. "Раней... [пасярэдніцтва] называлі спекуляцыяй", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пытанне барацьбы з пасярэдніцтвам возьме пад свой кантроль Румас. Да канца года ён мусіць унесці кіраўніку дзяржавы прапановы. Таксама прэм'ер будзе кантраляваць і пытанні развіцця імпартазамяшчэння. Лукашэнка хоча, каб беларускія прадпрыемствы пераймалі сусветныя тэхналогіі, закуплялі неабходнае абсталяванне і выраблялі ўсё неабходнае па імпартазамяшчэнні.

"Мы яшчэ па імпарце столькі завозім, што ў глазах часам становіцца цёмна", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі