Лукашэнка: У Беларусі смуткуюць з нагоды смерці прэзідэнта Узбекістана
Аляксандр Лукашэнка накіраваў афіцыйныя спачуванні з нагоды смерці прэзідэнта Узбекістана Іслама Карымава. Зварот адрасаваны старшыні Сената Олій Мажліса Нігматыле Юлдашаву, усяму народу краіны, а таксама сям’і і блізкім памерлага.
У спачуванні адзначаецца, што ў Беларусі з найглыбейшым смуткам успрынялі горкую вестку аб сконе прэзідэнта Узбекістана.
“Пайшоў з жыцця бліскучы лідар, які прысвяціў сябе служэнню свайму народу і дзяржаве. Суграмадзяне і сябры па ўсім свеце будуць памятаць Іслама Абдуганіевіча як выбітнага палітычнага і грамадскага дзеяча, чыё імя непарыўна звязанае са станаўленнем незалежнага Узбекістана”, — сказана ў спачуванні, тэст якога распаўсюдзіла прэс-служба Лукашэнкі.
Пахаванне Іслама Карымава праходзіць сёння ў Самаркандзе, на малой радзіме памерлага прэзідэнта. Беларусь на жалобным мерапрыемстве прадстаўляе прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў.