Лукашэнка: Ушчамленне свабоды СМІ ў нашай краіне — клішэ з арсенала мінулага

Лукашэнка: Ушчамленне свабоды СМІ ў нашай краіне — клішэ з арсенала мінулага

5 ліпеня Аляксандр Лукашэнка выступіў на ўрачыстым адкрыцці ў Мінску 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Ён адзначыў, што ў Беларусі робіцца ўсё, каб правоў чалавека, дэмакратыі ў краіне было не менш, чым у іншых дзяржавах Еўропы. Ён нагадаў пра распрацоўку Нацыянальнага плана па правах чалавека, у якую былі ўцягнутыя і дзяржаўныя арганізацыі, і грамадзянская супольнасць.

У сваім выступе кіраўнік Беларусі заявіў, што ў нашай краіне існуюць СМІ “розных формаў уласнасці і палітычных поглядаў”. Паводле яго слоў, “ушчамленне свабоды СМІ ў нашай краіне — гэта клішэ з арсенала мінулага”. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў час панавання інтэрнэту “гэта ўвогуле пазбаўлена ўсялякага сэнсу”. Ён гаварыў і пра тое, што ў нашай краіне круглыя суткі вяшчаюць шматлікія замежныя тэлеканалы, у тым ліку і “Еўраньюс”, і ім ніхто не перашкаджае.

Закрануў кіраўнік дзяржавы і пытанне смяротнага пакарання. “Нас заклікаюць да адмены смяротнага пакарання, — гаварыў Лукашэнка. — Мы гэтыя прапановы чуем, і не толькі чуем. Але супраць волі народу, падаўляючая частка якога на рэферэндуме выказалася за яе захаванне, ні адна дзяржава не можа пайсці”.

Таксама Лукашэнка заявіў, што ў нашай краіне будзе пабудавана самая бяспечная атамная станцыя, пры гэтым будуць дакладна выконвацца нормы і стандарты МАГАТЭ. Ён падкрэсліў, што Беларусь прапаноўвала Літве будаваць АЭС сумесна.

Спыніўся Аляксандр Лукашэнка і на міжнародных праблемах. Ён мяркуе, што еўрапейская сістэма бяспекі перажывае найвялікшы сістэмны крызіс з часу заканчэння халоднай вайны. І не відаць, каб апаненты дэманстравалі гатоўнасць да кампрамісу. Ён прапанаваў пачаць у рамках АБСЕ дыскусію аб неабходнасці арганізацыі новага Хельсінкскага працэсу. Кіраўнік Беларусі выступіў за распрацоўку ў АБСЕ адзіных патрабаванняў па правядзенні выбараў, каб пасля паводле іх выказваць прэтэнзіі ці ўхваляць той ці іншы выбарчы працэс.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі