Лукашэнка: Я ніколі ніякіх ваенных дзеянняў не падтрымліваў і не буду

Аляксандр Лукашэнка / Reuters 
Аляксандр Лукашэнка / Reuters 

Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што не падтрымлівае ваенныя дзеянні Расіі ў адносінах да Украіны. Аб гэтым ён заявіў у інтэрв'ю японскаму тэлеканалу TBS:

"Я ніколі ніякіх ваенных дзеянняў не падтрымліваў і ніколі не буду падтрымліваць, каб вы разумелі і ведалі. Ні з боку Расіі, ні з боку Японіі, ні з боку Украіны, ні з боку Амерыкі. Вайна непрымальная. Тое, што тычыцца нашых адносін і падтрымкі Расіі — у любой сітуацыі — мы саюзнікі. У нас дамовы заключаны адпаведныя".

Паводле слоў Лукашэнкі, Украіна рыхтавала і зараз рыхтуе на сваёй тэрыторыі баевікоў, якія гатовы ваяваць супраць Беларусі. А раней — пастаўляла ў краіну выбухоўку і зброю. Пры гэтым сам кіраўнік Беларусі, як ён запэўнівае, "рабіў усё", каб ва Украіне быў мір, і нават гатовы быў адправіць на Данбас беларускіх памежнікаў, каб закрыць мяжу з Расіяй.

"Мы з Расіяй адзіныя на столькі, на колькі Украіну падтрымліваюць Амерыка і Еўрапейскі саюз. У тым ліку і Японія. І яшчэ, каб ужо вы разумелі абсалютна дакладна сітуацыю. Напярэдадні канфлікту Украіны з Расіяй — вы ведаеце маю пазіцыю — я рабіў усё для таго, каб там не было вайны і быў мір. Я быў гатовы нават закрыць мяжу паміж Данбасам і Расіяй. Ведаеце, 400 кіламетраў — я гатовы быў закрыць гэтую мяжу сваімі памежнікамі. І іншую дапамогу аказаць Украіне. І Расія пагадзілася з гэтым. А Украіна адмовіла. Чаму? Таму што іх Захад штурхаў да гэтай вайны", — заявіў Лукашэнка.

Расія напала на Украіну 24 лютага. З поўначы ў краіну ўвайшлі расійскія войскі, якія прыбылі ў Беларусь на ваенныя вучэнні "Саюзная рашучасць-2022". З тэрыторыі Беларусі Расія запускае ракеты, якія разбураюць украінскія гарады. Гэта не адмаўляе і Лукашэнка.

Тым часам Расія працягвае перакідваць свае войскі ў Беларусь. З-за адсутнасці рэсурсаў іх сцягваюць нават з другога канца краіны. Паведамляецца, што ў нашу краіну прыбылі асобныя падраздзяленні 155 асобнай брыгады марской пяхоты (Уладзівасток) і 40 асобнай брыгады марской пяхоты (Петрапаўлаўск-Камчацкі).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі