Лукашэнка заяўляе, што ў Беларусі няма праблем з выгаднымі крэдытамі
Па яго словах, упершыню ў гісторыі Беларусі "створаныя такія ўнікальныя ўмовы для працы бізнэсу".
4 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у працы беларуска-індыйскага бізнэс-форуму. Выступаючы на форуме, ён паведаміў, што ў Беларусі няма праблемаў з выгаднымі крэдытамі.
"У выніку нашых апошніх візітаў і дамоўленасцяў у азіяцкім рэгіёне, з Кітайскай Народнай Рэспублікай, Пакістанам, Індыяй, раней В'етнамам і іншымі дзяржавамі праблем з крэдытамі няма. І гэта вельмі выгадныя крэдыты", — перадае БелаПАН словы беларускага кіраўніка.
Так, Лукашэнка нагадаў, што падчас нядаўняга візіту ў Мінск кіраўніка Кітая Сі Цзіньпіна была дасягнутая дамоўленасць пра вылучэнне Беларусі крэдытаў на суму 7 млрд долараў. І гэта, кажа беларускі кіраўнік, у дадатак да раней атрыманых 15 млрд долараў.
Усе крэдытныя сродкі, на думку кіраўніка дзяржавы, мусяць выкарыстоўвацца для рэалізацыі эфектыўных праектаў. Прычым у вылучэнні крэдытаў Лукашэнка прыняў рашэнне не падзяляць прадпрыемствы на дзяржаўныя і прыватныя.
Ён дадаў, што ўпершыню ў гісторыі Беларусі "створаныя такія ўнікальныя ўмовы для працы бізнэсу". Пры гэтым Лукашэнка адзначыў недахоп праектаў.
Фота — БЕЛТА