Лябедзька: Ідэя пра палітвязня як адзінага кандыдата насілася ў паветры
А кандыдатуру Статкевіча, агучаную Някляевым, большасць прадстаўнікоў "сямёркі" падтрымаць не захацела.
Анатоль Лябедзька адказаў на абвінавачанні Андрэя Дзмітрыева, быццам АГП скрала ў "Гавары праўду" ідэю вылучэння Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты.
Лябедзька: "Гэтая ідэя ў жніўні была агучаная Уладзімірам Някляевым. Але яшчэ год назад я яе агучваў у фэйсбуку — гэта можна знайсці. Тады яна гучала як сцэнар, звязаны з Алесем Бяляцкім, які знаходзіўся таксама за кратамі. Яна недзе блукала... Таму я думаю, што, можа, не я першы і не Някляеў — можа, яшчэ раней нехта прыкладна такое нешта агучваў".
Аднак на паседжанні "сямёркі" за кандыдатуру Статкевіча, кажа Лябедзька, галасавалі толькі АГП, БХД і Уладзімір Някляеў, які казаў, што рашэння "Гавары праўду" на гэты конт яшчэ няма. Фактычна, па словах Лябедзькі, супраць Статкевіча выказаліся "чатыры, а то і чатыры з паловай суб'екты" кааліцыі. Хаця спярша ўсе лідары апазіцыйных структураў выказаліся "за".
Ці азначаюць скандалы апошніх дзён, што "сямёрка" фактычна спыніла сваё існаванне? Лябедзька кажа, што зараз АГП яшчэ вядзе кансультацыі ў рамках аб'яднання "Талака", бо мае час да 1 снежня. Разам з тым лідар АГП адзначае, што аб'яднанне з сямі структураў стварылася толькі для арганізацыі кангрэсу — раней існавала дамова пра супрацу толькі паміж шасцю структурамі.
Пакуль жа, на думку лідара АГП, паміж "Талакой" (АГП, "Справядлівы свет") і "Народным рэферэндумам" ёсць розніца ў сцэнарах кампаніі на выбары 2015 года.
Лябедзька: "У нас розныя сцэнары — гэта праўда. І мы гэта абмяркоўвалі на нашых апошніх паседжаннях. Яны прапаноўваюць спалучыць прэзідэнцкія выбары з правядзеннем рэферэндуму. Прычым рэферэндум не як кампанія па мабілізацыі, а як сапраўдны рэферэндум, які можа вырашыць беларускія праблемы. Мы лічым, што гэта супярэчыць нашаму падыходу, нашаму пасланню і вядзе ўсіх нас у тупік. Нельга сёння правесці рэферэндум па тых правілах, якія сць. Таму што і так званыя "выбары", і рэферэндум праводзяцца па адных і тых правілах аднымі і тымі ж людзьмі".
Сам Лябедзька адзначае, што АГП выкарыстоўвае выбарчыя кампаніі, каб патлумачыць людзям, што свабодных і сумленных выбараў няма. Ці ўдасца спалучыць гэтыя падыходы ў рамках шырокай палітычнай кааліцыі, усе мы пабачым неўзабаве.