Лябедзька паабяцаў пасля перамогі працаўладкаваць Лідзію Ярмошыну (відэа)
А таксама ўсіх астатніх сябраў Цэнтрвыбаркама і нават дзеючага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнку.
Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька абяцае сябрам ЦВК знайсці ўсім “новае працоўнае месца ў адпаведнасці з іх унёскам у дэмакратыю Беларусі, у свабодныя і сумленныя выбары”. Пра гэта ён заявіў пасля таго, як здаў у Цэнтрвыбаркам спісы сваёй ініцыятыўнай групы на рэгістрацыю.
Што да Лідзіі Ярмошынай, то ёй новае працоўнае месца палітык абяцае шукаць з дапамогай грамадзян Беларусі.
Лябедзька: “У яе (Лідзіі Ярмошынай — Еўрарадыё) такі маштабны ўнёсак у свабодныя і сумленныя выбары, што, я думаю, ёй прынцыпова трэба новае працоўнае месца. Абвесцім конкурс: “Якое найбольш правільнае працоўнае месца, у адпаведнасці з яе вялікім досведам у правядзенні выбарчых кампаній?”. Магчыма, у сябе на сайце абвестку павесім. І хай людзі ці галасуюць, ці прапануюць — дзе можна яе працаўладкаваць? У мяне ёсць пэўныя думкі, але я іх пакуль пакіну пры сабе — дамо народу выказацца”.
Абяцанне Лябедзькі тычыцца не толькі сябраў ЦВК — гэтак жа ён ў размове з Еўрарадыё паабяцаў працаўладкаваць і беспрацоўнага Юрыя Шульгана, які таксама плануе удзельнічаць у выбарчай кампаніі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, і дзеючага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнку.
У ініцыятыўнай групе ў Анатоля Лябедзькі 1000 чалавек. Нагадаю, на дадзены моман дакументы на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных груп падалі кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка, лідар ЛДПБ Сяргей Гайдукевич і старшыня “Справядлівага свету” Сяргей Калякін. Раніцай 16 ліпеня падалі дакументы ў ЦВК прадпрымальнік з Наваполацка Андрэй Канавец і вылучэнка ад “Народнага рэферэндуму” Таццяна Караткевіч.
Фота і відэа: Змітра Лукашука