Лябедзька: Спадзяюся, што міліцыянт стаў віноўнікам аварыі выпадкова

Сёння раніцай кандыдат ў прэзідэнты Яраслаў Раманчук патрапіў у аўтакатастрофу па дарозе на сустрэчу з выбаршчыкамі ў Рагочове. Аварыя здарылася па віне другога ўдзельніка ДТЗ — сяржанта міліцыі.  Машына, на якой ехаў Раманчук, яго давераная асоба Леанід Заіка і яшчэ два сябры ініцыятыўнай групы кандыдата, аднаўленню не падлягае. Пра гэта Еўрарадыё распавёў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька: “Сёння яны выехалі зранку з Гомеля ў Рагачоў і непадалёк ад перакрыжавання галоўнай трасы Гомель-Мінск, паварот на Буда-Кашалёва раптам аўтамабіль, які стаяў на ўзбочыне, пачаў манёўр і выехаў на праезжую частку. Адбылося сутыкненне, разбіта машына — увесь перад ушчэнт. Добра, што гэта была не старая машына, спрацавалі падушкі бяспекі. Усе атрымалі нейкія ўдары і стрэсы, нейкія дробныя драпіны, але на шчасце нічога трагічнага не адбылося”.

У гэты час аўтамабіль транспартуюць эвакуатарам у Мінск. Па словах Лябедзькі, яны спадзяюцца на выпадковасць таго, што віноўнікам ДТЗ стаў супрацоўнік праваахоўных органаў. У той жа час, кажа, насцярожвае той факт, што некалькі дзён таму Раманчук атрымаў папярэджанне — яму параілі больш асцярожна перасоўвацца падчас сваіх перадвыбарчых вандровак па краіне.

З гэтай нагоды кіраўніцва партыі і сябры выбарчага штаба яму нават “забаранілі” вяртацца пасля сустрэч у рэгіёнах у Мінск, параілі заставацца начаваць ў горадзе, дзе праходзіў выступ, і з яго рухацца ў наступны. Маўляў, так бліжэй і менш часу кандыдат будзе праводзіць у дарозе.

Як стала вядома Еўрарадыё, міліцыянт, які вінаваты ў аварыі, таксама моцна не пацярпеў. Усе акалічнасці здарэння сам Раманчук, які падчас паездак возіць з сабой фотаапарат, і яго спадарожнікі зафіксавалі на фота і відэа. Каб потым гэта здарэнне не “перавярнулі” і не скарысталі супраць кандыдата, кажа Лябедзька.

Зараз Раманчук выступае перад выбаршчыкамі ў Рагачове. Ён не адмовіўся, ня гледзячы на настойлівыя парады штаба, ад далейшых паездак. Ня гледзячы на тое, што ўважлівага медыцынскага агляда ў Раманчука і іншых удзельнікаў ДТЗ не было і не вядома, кажа Лябедзька, ці не атрымаў хто з іх страсення мозгу ці іншых пашкоджанняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі