Лябедзька: Вашынгтон чакае зменаў у Беларусі цягам шасці месяцаў
У сераду, 4 лістапада, чыноўнікі з Дзярждэпу ЗША сустрэліся ў Мінску з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі. У Беларусь прыляцелі намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША ў пытаннях Еўропы і Еўразіі Брыджыт Брынк і намеснік памочніка дзяржсакратара ў пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Роберт Бершынскі.
Паводле аднаго з удзельнікаў сустрэчы старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, амерыканцы праінфармавалі, што цягам шасці месяцаў "Вашынгтон чакае пэўных зменаў у Беларусі" для таго, каб развіваць адносіны далей.
Лябедзька: “У мяне падчас сустрэчы склалася ўражанне, што важным пунктам, які прадэманструе змены, будзе парламенцкая кампанія наступнага года [у Беларусі]. Гэта будзе важны індыкатар, ці ідзе рух наперад. Часу тут няшмат, але Палата прадстаўнікоў за 30 хвілін прымае бюджэт краіны, хопіць і 10 хвілін, каб змяніць выбарчае заканадаўства”.
Палітык згадаў, што на сустрэчы гутарка ішла найперш пра змены ў выбарчым заканадаўстве і пашырэнні іншых свабодаў у нашай краіне. Пасля сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў чыноўнікі з Дзярждэпу ЗША правядуць перамовы з прадстаўнікамі дзейных беларускіх уладаў.
Нагадаем, што 29 кастрычніка Міністэрства фінансаў ЗША часткова змякчыла санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў.
Фота: АР