Лябедзька: Вывучыў бы і ангельскую, калі б сядзеў у калоніі
Лідар АГП ведае французскую. Еўрарадыё даведалася, на якіх мовах гавораць беларускія палітыкі і нават пратэставала моўныя магчымасці некаторых з іх
Ангела Меркель гаворыць па-руску і па-англійску. Польскі міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі на фоне размоваў пра тое, што ён можа ўзначаліць еўрапейскую замежную дыпламатыю, пачаў “таемна” вывучаць французскую. А Барак Абама калісьці прызнаў, што замежных моваў не ведае, за што яму сорамна.
“Як правіла, еўрапейскія палітыкі ведаюць 2-3 мовы, гэта не праблема. Гэта прынятае правіла, што трэба размаўляць мінімум на двух еўрапейскіх мовах для еўрапейскай палітыкі. Хаця, зноў жа, няведанне мовы не можа быць вялікай перашкодай, але гэта важны дапаможны чыннік”, — кажа палітолаг Алесь Лагвінец. Сам Лагвінец свабодна камунікуе па-польску, англійску і французску. І яшчэ марыць пра нямецкую.
А ці ведаюць беларускія палітыкі па 2-3 замежных мовы? Уладзімір Някляеў прызнаецца, што гаварыць не можа, а толькі падтрымаць размову па-польску і па-англійску. І кажа, што маладыя ведаюць мовы значна лепш: час змяніўся, а разам з ім і матывацыя людзей. Пры гэтым, Някляеў не адкідвае ідэю падцягнуць свае навыкі.
Уладзімір Някляеў: “Я займаюся гэтым. Хацелася б у ідэале прачытаць Шэкспіра. Прычым, Шэкспіра таго, на той мове, на якой ён пісаў. Але не ведаю, ці дасягну я сваёй мэты. Гэта ўжо, што называецца, вышэйшы пілатаж. Наўрад ці дасягну”.
Старшыня БНФ Аляксей Янукевіч заяўляе, што валодае нямецкай і англійскай, ну, і разумее па-польску і па-ўкраінску. Ок, нечакана пытаюся па-англійску меркаванне палітыка аб апошніх падзеях у Кіеве. У адказ, таксама па-англійску чую падрабязны каментарый на некалькі хвілін.
Лідар БНФ распавядае аб сваім жаданні вывучыць яшчэ і французскую.
Аляксей Янукевіч: “Імкнуся і англійскую ўдасканальваць сваю. Калі сустракаю незнаёмае слова ў тэкстах, пасля гляджу ў слоўніках, запамінаю. У прынцыпе, англійскай дастаткова, аднак адчуваю патрэбу для сябе таксама асвоіць французскую”.
А вось лідар АГП Анатоль Лябедзька французскую ўжо ведае. Толькі на англійскую ніяк не знойдзе часу.
Анатоль Лябедзька: “Крышку там, схадзіў некалькі разоў на курсы англійскай, але слаба. Можа, калі знаходзіўся б у калоніі, дык сядзеў бы і вучыў мову. А так, вось цяпер у Брэсце ладзім на вуліцы пікет, тут хапае беларускай і рускай для кантакту”.
Не дзіўна, што і Анатоль Лябедзька пагаджаецца, што без моваў нікуды, пра што і нагадвае ўвесь час сваім маладым паплечнікам.
Фота: AFP 2013/ VIKTOR DRACHEV