Ляляўскі: Калі ў лялечным ставілі Чэхава, мне казалі, што я звар'яцеў

“Вайну і мір” таксама можна паставіць у лялечным тэатры, ― упэўнены галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксей Ляляўскі. У інтэрв'ю Еўрарадыё ён расказаў пра асноўныя праблемы нашага тэатра — адсутнасць канкурэнцыі, недастатковую колькасць залаў і плеяду графаманаў… Чым беларускі лялечны тэатр адрозніваецца ад еўрапейскіх? Якія ў нас ёсць адметнасці?

Адметнасці былі. Усім вядомы традыцыйны тэатр лялек Беларусі — батлейка — яна адрозніваецца і ад польскай шопкі і ад украінскага вяртэпа, гэта своеасаблівы від лялечнага мастацтва. Але гэтага тэатра ўжо не існуе, а традыцыі сучаснага лялечнага мастацтва, на жаль, больш звязаныя з савецкім перыядам.

Што тычыцца заходнееўрапейскага тэатра лялек, то ён атрымаў моцны імпульс не ад традыцыйных тэатраў з пальчаткавымі лялькамі, а ад візуальнага мастацтва — жывапісу і г.д. І таму, вядома, сучасная еўрапейская традыцыя больш звязаная не толькі з лялечнымі спектаклямі, а ў большасці, гэта спектаклі, звязаныя з ценямі, аб'ектамі, прадметамі на сцэне. Гэта больш візуальнае відовішча, чым традыцыйны, як мы гэта разумеем, тэатр лялек. Хаця і такі тэатр у краінах Заходняй Еўропы існуе.

Наколькі ў такім разе карэктна называць гэты від мастацтва "тэатрам лялек"? Можа правільней казаць “тэатр фігур” альбо яшчэ як?

Можа тэатр фігур, можа яшчэ неяк, мы ўсё думаем, як гэта ўвогуле акрэсліць... Прафесар Юркоўскі з Польшчы сказаў, што гэта “татальны тэатр”, дзе спалучаюцца ўсе віды тэатральнага мастацтва — і пантаміма, і танец, і музыка, і лялькі, і аб'екты, цені, мультымедыя — ну, усё. Я думаю, што сёння гэта найбольш адэкватная назва нашаму мастацтву.

Ці змянілася нешта за апошні час беларускім тэатры лялек? Ці выкарыстоўваем мы ўсялякія сучасныя тэхналогіі — камп’ютарныя, флэш-анімацыю? Або гэта, ўсё ж такі, у асноўным лялькі?

Усё ёсць — і новыя тэхналогіі, і відэа, і флэш-анімацыя, у нас у Беларусі ў тым ліку. Можа нават такая любоў да новых тэхналогій — празмерная. Я думаю, што праз пару гадоў мы гэтага накаштуемся, наямося, і ўсё гэта зменіцца ў іншы бок. І калі ўжо ўсе тэатры Беларусі такое зробяць, тады будзем шукаць штосьці іншае. Таму што я, напрыклад, ужо стаміўся ад гэтага.

Лялечныя спектаклі ва ўсведамленні многіх — для маленькіх гледачоў. Наш лялечны тэатр — больш для дзяцей ці для дарослых?

Былі розныя перыяды, гэта яшчэ залежыць ад горада, у якім працуе тэатр. Увогуле, гэта спектаклі для дзяцей. Так склалася з савецкага перыяду, калі лялечныя тэатры працавалі выключна для дзяцей і былі створаныя як дзіцячыя тэатры.

Спектаклі для дарослых былі яшчэ да рэвалюцыі, у першыя гады пасля рэвалюцыі, потым у 30-я гады быў такі перыяд, пасля ў 70-я, калі ў тэатр прыйшлі маладыя амбітныя савецкія рэжысёры, у нас быў пад'ём са спектаклямі для дарослых. Але ў апошнія гады гэтых спектакляў з'яўляецца не так шмат, як хацелася б.

Якія суадносіны дзіцячых пастановак і дарослых у Мінску?

Былі часы, калі дарослых спектакляў была дзесьці чвэрць рэпертуару. Цяпер менш — працэнтаў 10-15%.

Чаму ў нас праблема з дарослымі пастаноўкамі ў лялечным? Не пішуцца п'есы для дарослых або глядач настолькі прывык, што тэатр лялек — гэта толькі для дзяцей?

Асноўная праблема, я так думаю, у тым, што ўсе нашыя беларускія тэатры лялек — адзіныя ў сваім горадзе, а большасць — нават у вобласці. А гэта значыць, што трэба знайсці такі баланс, каб не адштурхнуць ад тэатра яшчэ і дзяцей. І калі робіцца 3-4 прэм'еры на працягу года, то стварыць сапраўдны рэпертуар для дарослых немагчыма. Калі б у кожным вялікім горадзе былі 2-3 такія тэатры, гэта было б магчыма.

Мы таксама робім тры прэм'еры штогод, і калі ў нас і атрымоўваецца — 1-2 пастаноўкі для дарослых, то толькі таму, што Мінск — вялікі горад. Патрабаванняў на стварэнне спектакляў для дзяцей не так шмат, таму што рэпертуар вялікі, дзеці ўвесь час растуць, пакаленні мяняюцца... А калі гэта невялікі горад — 200-250 тысяч жыхароў, то, зразумела, тады цяжка: глядач патрабуе ўсё новых і новых пастановак для дзяцей. А разарвацца немагчыма.

Часта гледачы наракаюць на тое, што вашы пастаноўкі для дзяцей нібыта не дзіцячыя: там няма хэпі-энду, ёсць дарослая сумная філасофія… Што вы на гэта скажаце?

Я не ведаю, чаму існуе такое меркаванне. Я лічу, што павінны быць розныя спектаклі — і для самых маленькіх, і для дзяцей школьнага ўзросту. Сітуацыяй кіруем, на жаль, не мы, а бацькі. Калі мы даем рэкамендацыю, што спектакль для дзяцей ад 6 гадоў, а ў залі з'яўляецца мама з 2-гадовым дзіцём, то, вядома, яна скажа, што гэта спектакль для дарослых.

Па-другое, я думаю, што многія бацькі хочуць аберагчы дзіця ад праблем і не разумеюць, што ў яго жыцці праблемы існуюць таксама.

Чым для вас асабіста адрозніваецца дарослы гледач ад маленькага?

Адрозненне толькі ў праблематыцы пастаноўкі. Таму што форма і змест — аднолькавыя. Я памятаю, з якой радасцю раней дарослыя глядзелі мульцікі для дзяцей, дый цяпер глядзяць.

Чаму ў нас фестываль лялечных тэатраў адбываецца ўсяго раз на два гады і няма пэўных дат, хаця існуе ён ужо на працягу многіх гадоў?

Былі не такія спрыяльныя часы ў эканоміцы і сітуацыі ў дзяржаве. Цяпер сітуацыя змянілася кардынальна. Папярэдні фестываль быў у 2008 годзе, цяпер — у 2010. І сёння мы з Мінгарвыканкамам і Міністэрствам культуры ўжо вядзем перамовы аб тэрмінах правядзення фестывалю ў 2012 годзе.

А раз на два гады — таму што ў наступным годзе будзе фестываль драматычных тэатраў “Панарама”, які таксама біенале. Таму, каб не перакрыжоўвалася, адзін год — драматычныя тэатры, другі — лялечныя.

Па-другое, наш фестываль не толькі для таго, каб запрасіць нейкія вядомыя калектывы з замежжа, паглядзець на іх, каб гледачы ў Мінску іх пабачылі, гэта яшчэ і справаздача таго, што робіцца ў беларускім тэатры лялек. І з практыкі вынікае, што штогадовы фестываль — не гарантуе, што шэдэўр з'явіцца за адзін год. Таму кожны тэатр робіць шэсць пастановак, і адну з гэтых пастановак па сваім рашэнні прывозяць да нас у Мінск.

Ці можна пералічыць асноўныя цяжкасці беларускага лялечнага тэатра?

Ёсць шмат цяжкасцяў. Па-першае ― праблема сучаснай драматургіі для тэатра лялек. Сучасная — гэта не тое, што напісана пазаўчора ці месяц таму. Гэта новае бачанне сучаснага тэатра лялек.

Па-другое, гэта праблема кадраў. З першага погляду здаецца, што ўсё добра, але ў тэатры — і ў трупе, і сярод рэжысёраў, мастакоў ― павінна быць канкурэнцыя. Яе, на мой погляд, цяпер недастаткова. Гэта хвароба не толькі тэатра лялек. Гэта хвароба ўсяго беларускага тэатра, дзе мы не выключэнне.

Трэцяе — гэта абмежаванасць тэатраў лялек у нашай краіне. Ёсць праблемы з эксперыментальнымі пастаноўкамі, пастаноўкамі малой формы.

Чацвёртая, і, мне падаецца, самая сур'ёзная праблема (бо ўсе папярэднія можна вырашыць) — недастатковая колькасць залаў для невялікай колькасці гледачоў. Калі ў нашай зале для гледачоў 260 месцаў, то маленькія дзеці 3-4 гадоў не могуць глядзець спектакль у нашай зале. Іх шмат! Першае спатканне з тэатрам — гэта не толькі спатканне з тым, што яны бачаць на сцэне, гэта спатканне з новым будынкам, з вялікай колькасцю дзяцей і дарослых. І, натуральна, пажадана, каб была магчымасць паказу спектакляў для невялікай колькасці дзяцей.

Якая самая моцная частка нашага лялечнага тэатра? А самая слабая? Драматургія, рэжысура, акцёры, лялькі?

Цяжка сказаць. У нас ёсць некалькі аўтараў, якія могуць напісаць п'есу. Але, з іншага боку, гэтыя творы не з'яўляюцца штогод — гэта спецыфіка тэатра лялек. Немагчыма, каб маналог быў на 2 старонкі, ёсць праблема са стылем пісьма… І ў асноўным, гэта не аўтарскія распрацоўкі, а штосьці аднекуль ужо сцягнутае.

Знакам гэтай праблемы з'яўляецца тое, што рэжысёры самі пачынаюць пісаць інсцэніроўкі ці ўласныя п'есы. Гэта сведчыць пра тое, што нешта тут у нашым каралеўстве пакрывілася.

Што тычыцца акцёраў, рэжысёраў… Я не магу сказаць, што з гэтым у нас дрэнна. Рэжысёры запрашаюцца на пастаноўкі — і не толькі ў беларускія тэатры, усё як бы добра. Але часам з-за адсутнасці канкурэнцыі можа з'явіцца нешта, скажам так, не найвышэйшага ўзроўню.

А ці ёсць гучныя імёны ў сучаснай лялечнай драматургіі?

Я б сказаў, што гэта класіка нашага тэатра. Гэта Віталь і Артур Вольскія, Пятро Макаль, Анатоль Вярцінскі. З больш маладых аўтараў — гэта Сяргей Кавалёў, Пятро Васючэнка пісаў у свае гады. Але ёсць і плеяда графаманаў…

І ці ставіцца штосьці з так званых графаманаў?

Я намагаюся гэтага не рабіць. Але бывае.

Што адбываецца з лялькамі, якія сваё адыгрываюць? Куды яны дзяваюцца?

Мы іх адпраўляем у музей тэатра. У нас не толькі тая экспазіцыя, якую бачаць звычайна наведвальнікі. Ёсць яшчэ адзін пакой, дзе знаходзяцца ўсе астатнія персанажы. І калі людзі прыходзяць на спектакль, яны могуць наведаць і музей.

Як доўга жыве спектакль? Калі прымаецца рашэнне, што спектакль перастануць паказваць, і з якіх прычынаў здымаюць спектаклі?

Ёсць дзве асноўныя прычыны. Першая — тэатр зрабіў спектакль на тую самую тэму, але лепшы. Па-другое — гэта старасць матэрыялаў. Лялькі і дэкарацыі — яны ж маюць свой час. Напрыклад, калі з'явіўся паралон і рабілі першыя лялькі з паралону, гадоў пяць таму — усунуў руку ў сярэдзіну і ўсё вывалілася, засталася толькі тканіна… Таму, для спектакляў, калі яны яшчэ ідуць, раз на два-тры-чатыры гады трэба мяняць лялькі, ім патрэбная рэстаўрацыя.

Бываюць выпадкі, што спектакль маральна старэе, тэма становіцца неактуальнай.

Цяпер вы рыхтуеце спектакль "Тры сястры". Гэта будзе ўжо трэці ваш спектакль паводле Чэхава. Чаму вы вырашылі яго "дабіць"?

Ну, яшчэ не дабіць, яшчэ шмат засталося. А чаму Чэхаў? Ну, па-першае — гэта добры драматург. Па-другое, Чэхаў — знаўца чалавечай душы і таго, што там адбываецца. Я думаю, што гэта цікава і ў нашым тэатры.

Калі я толькі пачынаў гэтую гісторыю з Чэхавым, шмат людзей мне казалі, што я звар'яцеў, што я здзекуюся і г.д. Але потым, калі ўсё атрымалася, гэтых выказванняў стала менш.

Ці ёсць такія творы, па якіх нельга паставіць лялечны спектакль? Ці можна паставіць лялечны спектакль паводле “Вайны і міру”?

Вядома, можна. Спектакль гэта не літаратурны твор, гэта тэатр. Калі з'явіўся балет "Ганна Карэніна" ў вялікім тэатры ў Маскве, некаторыя сумняваліся, ці магчыма гэта. Але гэта балет паводле матываў "Ганны Карэнінай". Таму і “Вайна і мір” у лялечным тэатры — гэта, зразумела, не будзе поўнай аналогіяй Талстому. Гэта будзе не літаратурны твор…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі